Жыхароў Віцебскай вобласці часцей за ўсё хвалюе вырашэнне паўсядзённых праблем

26 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 200 жыхароў Віцебскай вобласці асабіста звярнуліся ў міжведамасную рабочую групу па вывучэнні стану работы выканаўчых і распарадчых органаў Віцебскай вобласці падчас правядзення ўсіх трох этапаў маніторынгу. Прыкладна такую ж колькасць званкоў паступіла на гарачыя тэлефоны міжведамаснай групы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік рабочай групы дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Беларусі Алег Краўцоў. Падчас першага і другога этапаў вывучалася работа чыноўнікаў Талачынскага, Віцебскага, Шумілінскага раёнаў, гарадоў Наваполацка і Оршы. Трэці этап маніторынгу, які яшчэ працягваецца ў рэгіёне, пачаўся з асабістых прыёмаў грамадзян у Глыбоцкім і Пастаўскім раёнах. На прыёмы прыйшлі 59 жыхароў гэтых тэрыторый, такую ж колькасць патэлефанавала. Большая частка зваротаў датычылася вырашэння паўсядзённых жыццёвых праблем. Напрыклад, у Глыбоцкім раёне, багатым на азёры, часцей за ўсё гучала праблема падтапленняў падворкаў у паводку. Мясцовыя ўлады ёю ўжо азабочаны і шукаюць шляхі вырашэння, запэўнілі членаў міжведамаснай групы ў райвыканкаме. У Пастаўскім раёне, абапіраючыся на звароты жыхароў, міжведамасная група звярнула ўвагу на работу землеўпарадкавальнай службы. Вялікая колькасць спрэчак выклікана недастатковай прапрацоўкай пытанняў спецыялістамі, што прыводзіць да абгрунтаваных скаргаў. "У раёне пара ўстрэсці гэту службу", - лічыць Алег Краўцоў. У цяперашні час члены міжведамаснай рабочай групы выехалі ў раёны вобласці для кантролю за якасцю і эфектыўнасцю выканання даручэнняў, дадзеных на папярэдніх двух этапах маніторынгу. Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы 23 жніўня пачала трэці этап маштабнага маніторынгу работы органаў мясцовай улады з насельніцтвам. Разам з работай міжведамаснай групы ў Віцебскай вобласці ў Чашніцкім раёне асабісты прыём без папярэдняга запісу правёў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч. Рэгіянальнае аддзяленне грамадскага аб'яднання "Белая Русь" таксама праводзіць прыём грамадзян у сваіх грамадскіх прыёмных у Мёрскім і Ушацкім раёнах.-0-