Жыхары Оршы з нецярпеннем чакаюць "Марафон адзінства"
– Гэта ж выдатна, што ў нашым горадзе пройдзе «Марафон адзінства». Орша – горад невялікі, і жыхарам горада заўсёды цікава прымаць удзел у такіх маштабных праектах. Ідэя самой акцыі вельмі ўдалая. Мы жывем у мірны, але няпросты час. А дэманстрацыя дасягненняў нашых людзей, традыцый, талентаў і прыгажосці беларускай культуры дапаможа нашым людзям аб'яднацца. Мы – беларусы, мы – адзіны народ, і памятаць пра гэта мы павінны заўсёды.
Я планую наведаць выставу «Подзвігі і лёсы партызан у дакументах», якая пройдзе ў Ваенна-гістарычным музеі імя Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава. Справа ў тым, што мне вельмі блізкая тэма гісторыі Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму што цэнтр, у якім я працую, адказвае за ваенна-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у Аршанскім раёне. І мне б хацелася даведацца нешта новае ў гэтым напрамку, знайсці невядомыя факты пра сваіх землякоў і падзеі, якія адбываліся з імі. Выставу арганізуе Нацыянальны архіў краіны, а значыць, матэрыялы там будуць дакладныя і цікавыя.
Яшчэ вельмі зацікавіў квест «Гэта ўсё маё роднае». Хоць ён і праводзіцца для моладзі, але мне цікава паглядзець, якія пляцоўкі будуць арганізаваны, чым на іх будуць займацца дзеці – для таго, каб пераняць цікавыя і сучасныя формы працы з навучэнцамі, і прымяняць іх у далейшым у нашым цэнтры.