Жыхары Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў атрымалі страхавыя выплаты за разбураныя дамы і пашкоджаныя ўраганам машыны
— Да нас паступіла 532 заявы, выплаты былі праведзены ў найкарацейшыя тэрміны, — сказаланамеснік дырэктара прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага унітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах» па Глыбоцкім раёне Алена Рымдзёнак. – Без перабільшання, мы працавалі ад світання да цямна. Зрабілі аператыўна. Увечары ў панядзелак 11 ліпеня па Шаркаўшчыне і бліжэйшых вёсках пранёсся разбуральны вецер, а ўжо ў сераду людзі пачалі атрымліваць выплаты па страхаванні.
Дарэчы, у той дзень стыхія за хвіліны пакінула вялікую колькасць людзей у літаральным сэнсе без даху над галавой. Яна змятала ўсё на сваім шляху, векавыя дубы ламаліся, як трэскі, з жылых будынкаў зляталі не толькі шыфер, але і страпілы і франтоны. А праз дзень пайшоў праліўны дождж, які затапіў сцены і маёмасць, што засталіся без даху.
Уладальнікі аўтамабіляў, якія маюць дагаворы добраахвотнага страхавання транспартных сродкаў, таксама ў найкарацейшыя тэрміны атрымалі неабходныя выплаты, роўна як і індывідуальны прадпрымальнік, сельгаспрадпрыемства, якія заключылі дагавор добраахвотнага страхавання маёмасці юрыдычных асоб.
– На жаль, дапамагчы змаглі не ўсім, – удакладніла Алена Аляксандраўна. – Аб неабходнасці страхавання некаторыя людзі задумваюцца занадта позна, калі стыхія ўжо на парозе дома. Былі выпадкі, калі гаспадары аформілі абавязковае страхаванне жылых будынкаў, але ураган, пакінуўшы дамы непашкоджанымі, нанёс шкоду іншым гаспадарчым пабудовам, якія не былі застрахаваны. Кожны такі выпадак вывучалі дасканала.
Дзіяна Берніковіч, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.