Жыхары Верхнядзвінска да юбілею горада напішуць яму 630 пажаданняў на папяровых сэрцайках
Верхнядзвінск адзначыць сваё 630-годдзе шырокім колам мерапрыемстваў, паведамілі ў мясцовым райвыканкаме.
Асноўныя ўрачыстасці пройдуць з 4 па 9 ліпеня. На працягу ўсіх гэтых дзён будзе доўжыцца акцыя "630 пажаданняў любімаму гораду", ініцыяваная цэнтральнай раённай бібліятэкай. Яе супрацоўнікі з дапамогай моладзі будуць раздаваць мінакам на вуліцах і гасцям святочных мерапрыемстваў папяровыя сэрцайкі з просьбай напісаць пажаданне гораду. Затым усе сэрцайкі будуць сабраны, і гэта напоўненае любоўю пано прэзентуюць 9 ліпеня на галоўных урачыстасцях. Увесь дзень 5 ліпеня зойме патрыятычная моладзевая акцыя "Горад у спадчыну" - краязнаўчы спрынт па вуліцах горада.
Па праекце "З кнігай на лаўцы" на дзіцячай пляцоўцы ля сажалкі 6 ліпеня будзе працаваць бібліябус: дзецям прывязуць паказаць кнігі і фатаграфіі, прысвечаныя Верхнядзвінску. Увечары таго ж дня ў гарадскім парку жыхары адсвяткуюць па старадаўніх абрадах Купальскую ноч. У наступныя дні ў двух мікрараёнах адкрыюцца новыя дзіцячыя пляцоўкі. Таксама ў краязнаўчае падарожжа "Самы важны горад на зямлі" адправяцца наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, а аматарам двухколавага транспарту будзе прапанавана паўдзельнічаць у велапрабегу. Самая шырокая праграма "Славім горад родны" запланавана на 9 ліпеня. Святочнае шэсце з прэзентацыяй працоўных калектываў пройдзе на плошчы Юбілейнай. У гарадскім парку разгорнуцца падворкі сельсаветаў і сельгаспрадпрыемстваў, святочны гандаль і выставы-продажы прадпрыемстваў. На розных пляцоўках парку таксама размесцяцца мастацкі дворик, дзіцячыя атракцыёны, "Праспект чытаючых людзей", арт-алея, горад майстроў і іншыя. Будзе працаваць вольны мікрафон для жадаючых прысвяціць вершы Верхнядзвінску. І, вядома, будзе шмат музыкі: святочны канцэрт-прысвячэнне з урачыстай часткай; выступленні творчых калектываў раёна; канцэрт зорак беларускай эстрады; моладзевая танцавальна-забаўляльная праграма. Спартыўныя пляцоўкі таксама не будуць пустымі: пройдуць спаборніцтвы па пляжным валейболе, міні-футболе і
Спартывіяда сярод школ горада. Асаблівы падарунак падрыхтаваў для гараджан і гасцей мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей: ад яго сцен па цэнтральных вуліцах можна будзе пракаціцца з экскурсіяй на конным экіпажы. Завяршальным акордам святаў стане набажэнства ў гонар 630-годдзя Верхнядзвінска ў гарадскіх храмах раніцай 10 ліпеня.
Кацярына Князева - БЕЛТА.