Жыхары Верхнядзвінскага раёна стварылі кнігу ўспамінаў пра спаленыя вёскі
Жыхары Верхнядзвінскага раёна запісалі ўспаміны выхадцаў са спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак і выдалі раённы зборнік, паведаміла старшыня раённай арганізацыі ГА "Беларускі фонд міру" Алена Татарчук.
Прэзентацыя кнігі "Па слядах вогненных вёсак", выдадзенай на сродкі грамадскай арганізацыі і простых жыхароў, работнікаў раённых прадпрыемстваў, адбудзецца сёння ў Верхнядзвінскім цэнтры культуры і народнай творчасці. "Гэта вынік мясцовай ініцыятывы, на якую нас натхніў удзел у іншым, ужо міжнародным праекце "Павышэнне статусу жыхароў спаленых беларускіх вёсак, 1941-1944 гг.". Бо наш раён моцна пацярпеў ад злачынстваў фашыстаў", - растлумачыла Алена Татарчук. Расонскі раён стварыў сваё "сховішча" сведчанняў відавочцаў - але ў выглядзе мультымедыйнага праекта "Слёзы з попелішча".
У Верхнядзвінскім раёне з 2012 года праведзена вялізная праца: складзены і скарэкціраваны спісы жыхароў спаленых вёсак. Аддзел адукацыі, цэнтр пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі ініцыявалі збор успамінаў старажылаў. Дзеці займаліся гэтым падчас канікул, якасныя запісы пасля рэдактуры ўвайшлі ў зборнік. Туды ж былі ўключаны лепшыя сачыненні, напісаныя вучнямі на аснове аповедаў старэйшых. Атрымалася больш за 150 аповедаў і сачыненняў. "Нельга не згадаць каласальны ўклад нашага краязнаўца, навуковага супрацоўніка Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея Антона Буболы. Ён курыраваў усю працу, таксама асабіста збіраў успаміны, рэдагаваў, перакладаў на беларускую мову", - дадала Алена Татарчук.
Акрамя таго, у зборнік уключана пісьмо, якое прыйшло ў Верхнядзвінск з нямецкага грамадскага аб'яднання "Кантакты", удзельніка праекта "Павышэнне статусу жыхароў спаленых вёсак" з боку Германіі. Гэта пісьмо - свайго роду маральная кампенсацыя, выбачэнне.
Наклад у кнігі невялікі, але яна распаўсюджваецца па ўсіх школьных, сельскіх бібліятэках і, вядома, даступная ў цэнтральнай раённай. Жывая гісторыя не будзе страчана і забыта. Нашчадкі будуць ведаць, чаму на партызанскі край на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі абрынуліся полчышчы карных экспедыцый. Самая страшная - "Зімовае чараўніцтва" ў 1943 годзе, у якой былі задзейнічаны рэгулярныя часці, паліцэйскія батальёны, танкі і самалёты. Былы Асвейскі раён быў знішчаны, моцна пацярпеў і Дрысенскі. У Росіцкім касцёле фашысты зладзілі сартавальны пункт, 1500 жыхароў былі спалены разам са святарамі. У раёне фашысты спалілі 426 вёсак, 305 з іх цалкам або часткова з людзьмі.
Кацярына Князева, БелТА.