Жыхары Віцебска пабывалі ў ролі арнітолагаў
У Віцебску, як і ў некаторых іншых гарадах краіны, 5 кастрычніка назіралі за птушкамі і вялі іх падлік. Асветніцкая акцыя прайшла ў рамках штогадовых Еўрапейскіх восеньскіх дзён назіранняў за птушкамі (EuroBirdwatсh-2013), якія ў Беларусі каардынуе грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ).
У Віцебску за птушкамі назіралі ў адным з найпрыгажэйшых жывых куткоў горада – у парку Фрунзе, каля ракі Віцьба. У акцыі прынялі ўдзел школьнікі, педагогі і ўсе ахвотныя мінакі. Аматары прыроды разглядалі птушак з дапамогай бінокляў і пад кіраўніцтвам арнітолагаў, членаў Віцебскага абласнога аддзялення АПБ.
Еўрапейскія восеньскія дні назіранняў за птушкамі традыцыйна праходзяць у першыя выхадныя кастрычніка. Міжнародная прыродаахоўная акцыя арганізавана з мэтай павышэння інфармаванасці насельніцтва аб птушках і асаблівасцях іх міграцыі.
Сёлета ў EuroBirdwatсh-2013 удзельнічаюць 35 краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. У Беларусі гэтая акцыя праходзіць з 1999 года. Летась у назіраннях прынялі ўдзел больш за 3000 чалавек. Аматарам прыроды ўдалося тады ўбачыць 33 063 птушкі 112 розных відаў. Часцей за іншых беларускім назіральнікам сустракаліся гракі, галкі і кряквы. У вялікай колькасці таксама рэгістраваліся шпакі, хатнія і палявыя вераб'і, азёрныя чайкі, сізыя галубы і вялікія сініцы.