Жыхары Віцебскай вобласці перажываюць адзін з самых халодных студзеняў за апошнія 74 гады
27 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Жыхары Віцебскай вобласці перажываюць адзін з самых халодных студзеняў за апошнія 74 гады. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Самы халодны студзень са сярэднямесячнай тэмпературай мінус 16-17 градусаў у самым паўночным рэгіёне краіны назіраўся ў 1987 годзе. Цяперашні месяц чакаецца ўсяго на 3 градусы цяплейшым за гэты рэкорд. За 74 гады метэаназіранняў такі халодны студзень адзначаўся ў Віцебскай вобласці ўсяго 10 разоў, падкрэслілі сіноптыкі.
Разам з тым мароз, які ўстанавіўся з прыходам сібірскага антыцыклону, не прынёс з сабой новых кліматычных рэкордаў для Прыдзвіння. Мінулай ноччу ў абласным цэнтры адзначалася тэмпература мінус 28 градусаў. Аднак 27 студзеня 1969 года яна была яшчэ ніжэйшай - мінус 31 градус.
Найбольш халодна было ў паўночна-заходніх рэгіёнах вобласці. Так, напрыклад, у гарадскім пасёлку Езярышча, самай халоднай кропцы вобласці, слупок тэрмометра апусціўся да 33 градусаў ніжэй за нуль. Аднак для гэтага населенага пункта абсалютны шматгадовы рэкорд у мінус 41 градус, усталяваны ў 1940 годзе, таксама не быў дасягнуты.
У бліжэйшыя дні маразы ў Віцебскай вобласці аслабеюць да ўмераных, але захаваюцца да канца месяца, дадалі ў аблгідрамеце. -0-