Жыхары Віцебскай вобласці ў 2010 годзе дапамаглі выявіць амаль 400 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства
11 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Жыхары Віцебскай вобласці ў 2010 годзе дапамаглі інспектарам аховы жывёльнага і расліннага свету выявіць амаль 400 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
У інспекцыі працуе кругласутачная гарачая тэлефонная лінія, на якую летась паступіла больш за 500 званкоў аб незаконных дзеяннях грамадзян. Як адзначаюць спецыялісты, неабыякавыя людзі - сапраўдныя абаронцы прыроды, яны аказваюць дзейсную дапамогу ў выкрыцці і паімцы браканьераў. Ва ўсіх раённых падраздзяленнях з гэтага года будуць працаваць грамадскія інспектары дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Штатныя спецыялісты будуць прыцягваць іх да ўдзелу ў рэйдах, прафілактычнай і асветніцкай рабоце сярод насельніцтва.
У 2010 годзе інспектарамі аховы прыроды як самастойна, так і з удзелам супрацоўнікаў МУС, Міністэрстваў лясной гаспадаркі і аховы прыроды праведзена больш за 2,5 тыс. рэйдаў, у якіх выяўлена 3,2 тыс. парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Значная іх частка (больш за 1,8 тыс.) прыпадае на парушэнні правілаў рыбалоўства. Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі былі праігнараваны ў 361 выпадку. У браканьераў канфіскавана 83 км сетак, больш за 3,1 т рыбы, 150 адзінак паляўнічай зброі, прычым 70 адзінак незарэгістраванай, а таксама 6,3 т мяса незаконна здабытых жывёл.
Інспектары аховы прыроды ў 2010 годзе перадалі ў праваахоўныя органы 142 матэрыялы, па якіх узбуджана 132 крымінальныя справы.-0-