Жыхару Віцебскай вобласці па выніках дэкларавання даходаў за 2008 год давядзецца даплаціць больш Br38 млн.

2 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Жыхару Віцебскай вобласці па выніках дэкларавання сукупнага даходу за 2008 год давядзецца даплаціць больш за Br38 млн. Гэта найбольшая даначалічаная сума падаходнага падатку фізічнай асобе па выніках пераразліку дэкларацый у рэгіёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Беларусі па Віцебскай вобласці. Такая буйная даплата звязана з атрыманнем гэтым грамадзянінам даходу ад продажу нерухомасці. Сярод індывідуальных прадпрымальнікаў найбольшая сума даплаты ў выніку пераразліку склала Br5,4 млн. Найбольшы гадавы даход асобы, якая не з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, перавысіў Br428 млн., індывідуальнага прадпрымальніка - Br4,8 млрд. Ацэньваючы мінулую кампанію па дэклараванні сукупнага даходу, у падатковай інспекцыі адзначылі, што ў сувязі з спрашчэннем падатковага заканадаўства колькасць пададзеных у студзені-красавіку бягучага года дэкларацый у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года зменшылася ў 1,7 раза і склала 9647 штук. Пры гэтым з 7809 дэкларацый фізічных асоб палова прадстаўлена ў сувязі з атрыманнем падатковых вылікаў за 2006-2008 гады. Агульная сума падаходнага падатку, якая падлягае вяртанню ў сувязі з прадастаўленнем падатковых вылікаў, фізічным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам склала амаль Br1,6 млрд. У падатковай інспекцыі таксама звярнулі ўвагу на памяншэнне колькасці дэкларантаў, якім па выніках пераразліку неабходна даплаціць падатак. Па вобласці такіх плацельшчыкаў 3,4 тыс. У агульнай суме яны павінны Br1,1 млрд.-0-