Жыхарка Глыбокага атрымала моцныя апёкі з-за выбуху катла ацяплення

6 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Жыхарка Глыбокага атрымала моцныя апёкі з-за выбуху катла ацяплення, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар УМНС Марына Фандо. Паведамленне аб выбуху ацяпляльнага катла на цвёрдым паліве паступіла ў ЦАУ Глыбоцкага РАНС напярэдадні вечарам. Высветлілася, што ў доме памерам 10 м на 10 м знаходзілася два катла ацяплення - газавы і на цвёрдым паліве. З-за пахаладання гаспадыня вырашыла пратапіць апошні, але, па ўсёй бачнасці, забылася адкрыць вентылі для цыркуляцыі вады. У выніку адбыўся выбух, жанчына атрымала ўшыбленую рану галавы і тэрмічныя апёкі ног 1-2-й ступені (15% цела). Брыгада хуткай дапамогі шпіталізавала пацярпелую ў бальніцу. Папярэдняя прычына выбуху - невыкананне правіл эксплуатацыі катла ацяплення.-0-