Жыхарка Міёраў і яе сямідзённая дачка загінулі ў ДТЗ па дарозе з радзільні

25 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Тры чалавекі загінулі, у тым ліку сямідзённая дзяўчынка, яшчэ двое атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці 24 лютага ў выніку дарожна-транспартнага здарэння ў Міёрскім раёне. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. Трагедыя здарылася на 70-м км дарогі Полацк - Браслаў у раёне вёскі Масеўцы Міёрскага раёна. Пры здзяйсненні манеўру аўтамабіль "Форд-Эскорт" выехаў на сустрэчную паласу, дзе з ім сутыкнуўся "Фальксваген-Шаран", які рухаўся па сваёй паласе. У выніку загінулі трое пасажыраў "Форда" - жанчына 1956 года нараджэння, маладая мама 1991 года нараджэння і яе 7-дзённая дачка, усе пражывалі ў Міёрах. Кіроўца "Форда", 1990 года нараджэння, і яшчэ адзін пасажыр, муж загінулай, 1988 года нараджэння, шпіталізаваны з пераломамі ног у Міёрскую цэнтральную раённую бальніцу. Як устаноўлена, маладая сям'я вярталася дадому з Полацка, дзе ў іх нарадзілася дачка, і жонка знаходзілася ў радзільным доме. Іх суправаджала медсястра, якая таксама пражывала ў Міёрах. Кіроўца "Фальксвагена" атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні, а пасажырка, якая ехала разам з ім, не пацярпела. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.-0-