Жыхарка Міёрскага раёна пяць гадоў займалася незаконнай рэалізацыяй залатых вырабаў

8 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Жыхарка Міёрскага раёна пяць гадоў займалася незаконнай рэалізацыяй залатых вырабаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.

На працягу 5 гадоў жанчына, выязджаючы за таварамі ў Польшчу, набывала там ювелірныя вырабы, якія затым увозіла і рэалізоўвала ў Беларусі. Асноўнымі кліентамі дамы былі мясцовыя жыхары. Разлік ажыццяўляўся ў беларускіх рублях або далярах. Пры адсутнасці дастатковай сумы прадастаўлялася растэрміноўка. Сервіс уключаў і прыём заказаў на ювелірныя вырабы, якія цікавяць.

За час сваёй дзейнасці жыхарка Міёрскага раёна рэалізавала 36 адзінак залатых вырабаў 583-й пробы. Пакупнікоў яна запэўнівала ў больш высокай якасці ўпрыгожанняў, спасылаючыся на нанесены на іх адбітак з 585-й пробай.

За парушэнне правіл аб здзелках з каштоўнымі металамі і камянямі ў дачыненні да прадпрымальнай дамы ўзбуджана крымінальная справа па арт.223 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Усе 36 прададзеных залатых ювелірных вырабаў канфіскаваны і прызнаны рэчавымі доказамі. Іх далейшы лёс, як і меру пакарання для парушальніцы закона, вызначаць у ходзе судовага разбору.-0-