Жывая валянцінка з'явіцца 14 лютага а 14-й гадзіне на самай вялікай плошчы Віцебска
14 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Жывая валянцінка з'явіцца 14 лютага а 14-й гадзіне на самай вялікай плошчы Віцебска – плошчы Перамогі. Пра незвычайную акцыю карэспандэнту БЕЛТА расказала Марына Ціханава – рэдактар "Радыё "Віцебск", якое з'яўляецца натхняльнікам і арганізатарам праекта.
Ідэя прызнацца ў любові роднаму гораду і павіншаваць яго з Днём закаханых нарадзілася ў эфіры радыё і адразу знайшла падтрымку ў маладых крэатыўных слухачоў. Як чакаецца, усе, хто прыйдзе на самую вялікую плошчу ў вызначаны час, атрымаюць паветраныя шарыкі і выстрояцца ў фігуру ў форме сэрца, а потым па камандзе адначасова выпусцяць шарыкі ў неба. "Такім незвычайным спосабам мы хочам сказаць, як моцна мы любім свой родны горад, як радуемся таму, якім прыгожым ён становіцца з кожным годам, ну і трошкі павесяліць гараджан у гэты марозны лютаўскі дзень", – прызналася Марына Ціханава.
Аддзел па справах моладзі аблвыканкама, грамадскія арганізацыі, у тым ліку валанцёры абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа падтрымалі ідэю радыёжурналістаў. Дарэчы, увечары валанцёры Чырвонага Крыжа адправяцца на апошні сеанс у Дом кіно, каб там павіншаваць усе закаханыя пары з Днём святога Валянціна і заклікаць іх берагчы любоў і захоўваць вернасць адзін аднаму.-0-