Жывёлагадоўчы комплекс і інфекцыйнае аддзяленне мясцовай бальніцы адкрылі ў Чашніцкім раёне
Як адзначыў Уладзімір Пятровіч, гэта добры стымул для развіцця як эканомікі, так і сацыяльнай сферы раёна, які працуе на забеспячэнне мясцовых жыхароў працоўнымі месцамі, годнай заработнай платай і, безумоўна, на паляпшэнне ўмоў працы.
ВУ «Шаўкоўшчына» – жывёлагадоўчы комплекс, створаны на базе рэканструяванай фермы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Як расказаў намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» Сяргей Сенчанка, у шасці корпусах цалкам памянялі сістэмы каналізацыі і вентыляцыі, усталявалі новыя лініі кармлення.
Інвестыцыйны праект па ўводзе ў эксплуатацыю вытворчага ўчастка ў в. Шаўкоўшчына стартаваў у красавіку 2018 года. Будаўнічыя работы выканалі за кошт сродкаў ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» сіламі будаўнічай брыгады прадпрыемства.
Вытворчыя памяшканні разлічаны на ўтрыманне 16 тыс. свіней, але ў перспектыве плануюць павялічыць пагалоўе да 30 – 32 тыс. На тэрыторыі комплексу яшчэ будуць праводзіцца работы па добраўпарадкаванні, а вось парасят дацкіх парод сюды пачалі завозіць некалькі месяцаў таму. Збалансаваныя кармы пастаўляе Лепельскі камбікормавы завод – адно з падраздзяленняў ЗАТ «Віцебскаграпрадукт».
фота прадастаўлена ЗАТ Віцебскаграпрадукт
Вырошчванне жывёл ідзе па дацкай і галандскай тэхналогіях: на комплексе няма свінаматак, на адкорм парасят затрачваюць усяго тры месяцы. Ужо цяпер дабіліся штодзённага прывесу ў 800 г.
У планах — выйсці на 1,2 кг. Гэта будзе самы высокі паказчык у рэспубліцы
За кошт невялікіх тэрмінаў утрымання жывёл і ўласнай кармавой базы сабекошт мяса зніжаецца, а прыбытак прадпрыемства павялічваецца ў 2 – 2,5 раза ў параўнанні з іншымі тэхналогіямі вырошчвання свіней.
Мяса пастаўляюць на Віцебскі мясакамбінат, 1300 т адгрузяць у бліжэйшы час, а ў цэлым за год плануюць рэалізоўваць каля 4,4 тыс. т. Акрамя таго, у ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» маецца ўласны цэх па вытворчасці мясных вырабаў – мясакамбінат «Славянскі». Так што павелічэнне пагалоўя больш чым апраўдана.
фота прадастаўлена ЗАТ Віцебскаграпрадукт
На прадпрыемстве функцыянуе жорсткая сістэма біялагічнага кантролю, у кожным памяшканні ёсць свой санітарны прапускнік. На тэрыторыю можна трапіць толькі пасля санітарнай апрацоўкі, акрамя таго, з дапамогай відэакамер кантралюецца працэс узаемадзеяння жывёл і чалавека. Такім чынам забяспечваецца максімальная абарона пагалоўя ад пранікнення хвароб.
Работнікі, а іх цяпер тут 30, – у асноўным жыхары бліжэйшых вёсак. Многія з іх працавалі на былой ферме па вырошчванні КРС і для працы на новым комплексе праходзілі перанавучанне. Сярэдні заробак па ўчастку складае 700 рублёў у месяц.
Пагалоўе свіней у раёне вырасла да 64 тыс. асобін у першую чаргу дзякуючы ўводу ў строй вытворчага ўчастка
Як распавёў старшыня райвыканкама Леанід Плешка, за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў такая сітуацыя склалася ўпершыню.
З улікам усіх наяўных асабістых падсобных гаспадарак на Чашніччыне ў мінулым налічвалася не больш за 25 тыс. свіней. Такім чынам, падкрэсліў Леанід Уладзіміравіч, дадзены комплекс з'яўляецца адным з аб'ектаў, якія вызначаюць жыццядзейнасць у Чашніцкім раёне: гэта і прыбаўка па вытворчасці мяса на 28% за дзевяць месяцаў, і інвестыцыі ў эканоміку, уключаючы падатковыя паступленні, і з'яўленне новых працоўных месцаў з годнай заработнай платай.
Не менш важным для Чашніччыны быў капрамонт інфекцыйнага аддзялення Навалукомльскай ЦРБ.
Паколькі ў раёне дзякуючы працы медперсаналу райбальніцы істотна палепшылася абстаноўка па інфекцыйных захворваннях, неабходнасць у вялікай колькасці койка-месцаў адпала. Цяпер у аддзяленні могуць прыняць 15 чалавек, у тым ліку пяць дзяцей.
Галоўны ўрач Навалукомльскай ЦРБ Мікалай Пінчук распавёў пра паляпшэнне ўмоў працы для работнікаў аддзялення, павышэнне якасці аказання меддапамогі пацыентам.
Акрамя будынка і палат, змянілася таксама прылеглыя тэрыторыя. Гэта ацаніў і Уладзімір Пянін, адзначыўшы, што абласная ўлада ў далейшым будзе падтрымліваць падобныя ініцыятывы ў Чашніцкім раёне, якія накіраваны на станоўчыя змены ў жыцці людзей.