Жыццё як палёт. Да 120-годдзя з дня нараджэння Паўла Сухога

Жизнь как полет. К 120-летию со дня рождения Павла Сухого

10 ліпеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння нашага земляка – геніяльнага савецкага авіяканструктара, доктара тэхнічных навук, аднаго з заснавальнікаў рэактыўнай звышгукавой авіяцыі Паўла Сухога.

Нарадзіўся Павел Восіпавіч у Глыбокім. Дзяцінства і юнацтва яго супалі з дзяцінствам і юнацтвам авіяцыі. Будучаму канструктару пашанцавала расці ў сям'і, дзе праца, веды, цікавасць да мастацтва заўсёды былі ў пашане. Яго бацька Восіп Андрэевіч – з сялян, аднак дзякуючы падтрымцы аднавяскоўцаў скончыў настаўніцкую семінарыю, дванаццаць гадоў адпрацаваў у Глыбоцкім народным вучылішчы. Ажаніўся ён на сваёй зямлячцы Елізавеце Якаўлеўне. У Глыбокім у Сухіх нарадзіліся дзве дачкі і сын Павел. Хлопчыка хрысцілі і зарэгістравалі ў метрычнай кнізе Глыбоцкай царквы ў прысутнасці сялянкі сяла Гапуты Наталлі Гісіч. Маці будучага канструктара бязвыплатна навучала дзяўчынак рукадзеллю, за што па выніках 1892-1893 навучальнага года атрымала падзяку ад дырэкцыі вучылішчаў. Толькі выдатныя ацэнкі прафесійных якасцей Восіпа Сухога былі ў справаздачах Віленскай дырэкцыі народных вучылішчаў і ў суправаджальным лісце пры пераводзе на новае месца працы. У 1900-м сям'я пераехала ў Гомель: бацька атрымаў працу ў чыгуначным вучылішчы. Так пяцігадовы Паша назаўжды развітаўся са сваёй малой радзімай.

Лёс і талент з часам прывялі Паўла Сухога ў Маскву. Вучань Е. Жукоўскага і А. Тупалева, ён напісаў адну з яркіх старонак у гісторыі самалётабудавання. Павел Восіпавіч убачыў слабасці рускай авіяцыі. Ён пабудаваў зусім іншую мадэль самалёта. Кожная яго машына была непаўторнай. На адной з іх экіпаж Валерыя Чкалава здзейсніў бездасадачны пералёт з Масквы ў ЗША праз Паўночны полюс. Сухому належыць цэлы шэраг наватарскіх рашэнняў у авіябудаванні.

Жыццё гэтага чалавека было яркім і насычаным. Працаваў як апантаны. Але, стваральнік баявых самалётаў, двойчы Герой Сацпрацы, кавалер трох ордэнаў Леніна і іншых высокіх узнагарод, уладальнік шэрагу прэстыжных прэмій, Павел Восіпавіч доўгі час быў вядомы толькі вузкаму колу людзей. Таму многія старонкі яго біяграфіі да гэтага часу стракацяць белымі плямамі.

У фондах абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца кнігі пра нашага таленавітага земляка, фотаздымкі, дакументы, з асабістых рэчаў авіяканструктара – металічная шарыкавая ручка, акуляры. Усё гэта можа распавесці пра свайго ўладальніка шмат цікавага.

Іна Якубовіч,

старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога

краязнаўчага музея