Жыццезабеспячэнне населеных пунктаў Беларусі ў зоне падтаплення не парушана - МНС

8 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Жыццезабеспячэнне населеных пунктаў Беларусі, якія трапілі ў зону падтаплення талымі водамі, не парушана. Паводкавая сітуацыя знаходзіцца пад кантролем МНС, нараканняў і скаргаў ад насельніцтва не паступала, канстатаваў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. Міністр сустракаўся ў Віцебску з працоўным калектывам вытворчага аб'яднання "Энергакомплект". Маніторынг гідралагічнай абстаноўкі на рэках Беларусі адбываецца штодня. У цяперашні час, па ацэнцы міністра, найбольш складаная сітуацыя склалася ў Брэсцкай вобласці на рацэ Заходні Буг, дзе ў зону падтаплення трапілі Брэст і Брэсцкі раён. Няпростая абстаноўка складваецца ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. У населеных пунктах гэтых рэгіёнаў адзначаны падтапленні падворкаў, гаспадарчых пабудоў, падвалаў. Усе надзвычайныя сітуацыі адсочваюцца, мясцовыя камісіі па НС каардынуюць работу службаў і дапамагаюць насельніцтву. Далейшае развіццё сітуацыі з разводдзем будзе залежаць ад надвор'я. Як падкрэсліў міністр, у ратавальнікаў ёсць дастатковы вопыт работы ў самых складаных умовах паводкі. Падраздзяленні МНС забяспечаны неабходным абсталяваннем і сродкамі для аказання дапамогі людзям і ліквідацыі наступстваў падтапленняў. У кожнай вобласці камісіямі па НС распрацаваны схемы забеспячэння людзей, пацярпелых ад разводдзя, харчаваннем, пітной вадой, медыкаментамі, прадугледжана магчымасць эвакуацыі людзей з небяспечных зон. Пры гэтым камісіямі ўлічаны не толькі пытанні забеспячэння людзей жыллём - для іх зарэзерваваны месцы ў гасцініцах і інтэрнатах, але і магчымасць вывазу хатніх жывёл і забеспячэнне аховы пакінутых жылляў. Фінансавыя сродкі на ліквідацыю наступстваў НС закладзены ў мясцовых бюджэтах. Адказваючы на пытанне аб магчымасці кардынальна змяніць сітуацыю з разводдзем у раёнах, якія пастаянна трапляюць у зону падтаплення, міністр адзначыў, што гэта патрабуе значных матэрыяльных затрат, і ў цяперашні час найбольш актуальнай з'яўляецца праблема своечасовага рамонту гідратэхнічных збудаванняў. Як паведамлялася БЕЛТА, на сённяшні дзень у Брэсцкай і Гомельскай абласцях падтоплена больш за 200 падворкаў. З-за багатага раставання снегу, дажджоў, высокага ўзроўню грунтавых вод і выхаду на пойму ракі Заходні Буг у Брэсце і пяці вёсках Брэсцкага раёна падтоплена 198 падворкаў, 81 падвал прыватных жылых дамоў, 200 садовых участкаў і каля 200 га сельгасугоддзяў. З-за пад'ёму ўзроўню вады ў рацэ Прыпяць, дзе вада выйшла на пойму, у Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах Гомельскай вобласці ў 13 населеных пунктах падтоплена 26 падворкаў і 10 гаспадарчых пабудоў.-0-