Камунальная гаспадарка, безбар'ернае асяроддзе і апека над дзіцем: Анатоль Ліневіч правёў прыём грамадзян у Віцебску
Жанчыну з аграгарадка Бабінавічы Лёзненскага раёна цікавіла магчымасць пераводу шматкватэрнага дома на электрычнае ацяпленне. Па словах кампетэнтных спецыялістаў, названы дом будзе падключаны да абноўленай электрасістэмы ацяплення ў 2023 годзе, што цалкам задаволіла заяўніцу.
Сялянін з вёскі Зайцава Віцебскага раёна звярнуўся з просьбай завяршыць у населеным пункце абсталяванне аўтобуснага прыпынку – усталяваць знак, паставіць лаўку. Прадстаўнік Віцебскага райвыканкама запэўніў, што работы выканаюць у гэты ж дзень.
Уласніца часткі дачнага дома ў вёсцы Лятахі зайшла ў тупік у афармленні другой яго паловы, якую прызналі ўласнасцю Віцебскага райвыканкама.
– Дамок будаваў мой бацька. Пасля яго смерці частка адышла мне, другая належала мачасе. Пасля яе смерці я хацела б аформіць яе долю на сябе. Як гэта магчыма? – прасіла дапамогі заяўніца.
Жанчына можа выкупіць другую частку дома за адну базавую велічыню, кампенсаваць затраты на правядзенне аўкцыёну і пасля гэтага аформіць нерухомасць на сваё імя, растлумачылі прадстаўнікі Віцебскага райвыканкама.
Жыхарку Сенненскага раёна, па яе словах, несправядліва адхілілі ад апекі над дзіцем, якога яна выхоўвала на працягу чатырох гадоў. Жанчына хацела б вярнуць хлопчыка, які ўжо жыве ў прыёмнай сям'і. Як растлумачылі заяўніцы, яе пытанне будзе вырашаць суд.

Аршанец звярнуўся з хадайніцтвам аб стварэнні ў горадзе безбар'ернага асяроддзя. На тратуарах, дарогах бардзюры, калдобіны, ямы ствараюць перашкоды для калясачнікаў. Як інфармавалі спецыялісты, у бліжэйшы час на вуліцах і скрыжаваннях Оршы плануюцца паніжэнне бакавога каменя, выраўноўванне участкаў вуліц. Работы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя ў гарадской прасторы будуць працягвацца. Па распараджэнні Анатоля Ліневіча гэтае пытанне будзе пастаўлена на жорсткі кантроль.
Сваю пазіцыю прыйшла адстойваць уласніца паляўнічай гаспадаркі «Лебядзінае» у раёне возера Шчаты ў Полацкім раёне. Паводле яе слоў, мясцовыя жыхары неправамерна скардзяцца, што ім забараняюць бясплатна лавіць на вадаёме рыбу. Па словах прадстаўнікоў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, крытычных заўваг да дадзенай паляўнічай гаспадаркі не маецца. Па словах Анатоля Ліневіча, адным з магчымых рашэнняў пытання можа быць зніжэнне для мясцовых жыхароў тарыфа на лоўлю рыбы, або трэба абдумаць іншыя крокі, як пазбегнуць канфлікту.

Віцяблянкі, якія пражываюць у доме на праспекце Фрунзе, звярнуліся з праблемай: пасля капрамонту дома каля пад'езда і ўнутры яго стаіць вада, а работнікі ЖКГ ужо доўгі час абяцаюць выправіць сітуацыю. Ва ўказаным доме будуць праводзіцца работы па ліквідацыі затаплення, паралельна стаіць задача адшукаць сродкі на пераўладкаванне дарожнага палатна ў двары, пракаментаваў намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Саглаеў. Анатоль Ліневіч распарадзіўся прывесці ўсё ў парадак на працягу двух месяцаў.
У доме на вуліцы Смаленскай абласнога цэнтра падобная сітуацыя: пасля рамонту пад'езда цячэ дах, падчас дажджоў залівае кватэру, паведаміла яшчэ адна віцяблянка, якая прыйшла на прыём. У гэтым выпадку выхадам стане выкананне рамонту за кошт камунальнай арганізацыі пры садзейнічанні жыхароў пад'езда, так як работнікі ЖКГ не могуць адрамантаваць усё толькі за свой кошт, прапанаваў Сяргей Саглаеў.

– Асноўная частка пытанняў, як правіла, тычыцца сферы ЖКГ. Падобныя недапрацоўкі павінны ўстараняцца своечасова, – падвёў вынік памочнік Прэзідэнта. – Усе звароты мы перадаём прадстаўнікам органаў улады, кампетэнтным спецыялістам у розных галінах, каб дэталёва разабрацца ў кожнай праблеме і прыняць справядлівае рашэнне. Людзі часта прыходзяць, каб пагутарыць непасрэдна ў цесным кантакце з прадстаўнікамі ўлады, адзначыў памочнік Прэзідэнта. Калі жыхары вобласці разумеюць, што іх пачулі і ёсць зваротная сувязь з уладай, у далейшым больш давяраюць ёй.