Камунальная гаспадарка, жыллё і медыцынскія паслугі - Анатоль Ліневіч правёў прамую лінію з жыхарамі Віцебскай вобласці

З жыллёвымі праблемамі, пытаннямі, якія тычацца ЖКГ і абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі, звярнуліся сёння жыхары Віцебскай вобласці да памочніка Прэзідэнта - інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча падчас прамой тэлефоннай лініі і дыстанцыйнага прыёму грамадзян у Першамайскім раёне Віцебска.

Пачаўся прыём са званкоў з раёнаў. Жанчына, маці якой жыве ў Сенне, звярнулася са скаргай на мясцовых камунальнікаў. З 2014 года моцна падтоплівае яе ўчастак з домам. Капітальныя работы на вуліцы абяцалі зрабіць у 2016 годзе. Па словах заяўніцы, іх не выканалі да гэтага часу, хоць ЖКГ у адказах жанчыне запэўнівае, што ўсё неабходнае зроблена. Высвятляць усе абставіны і разбірацца з сітуацыяй будзе старшыня райвыканкама з выездам на месца.

Жыхарка Віцебска звярнулася з асабістым пытаннем. Яе дачка хварэе на бранхіяльную астму і жанчына прасіла дапамагчы ў тым, каб адправіць дачку на рэабілітацыю ў санаторый. Мясцовы аблздароў будзе вывучаць пытанне.

Яшчэ датэлефанавалася маці-апекун інваліда з Віцебска. Яна скардзілася на тое, што цяпер ёй трэба вазіць дзіця ў стаматалогію, хоць раней такія паслугі аказвалі на даму. Улічваючы, што дачка інвалід, вазіць яе ў медустанову неверагодна складана. Таксама жанчына звярнулася з асабістым пытаннем па доглядзе за інвалідам. Памочнік Прэзідэнта запэўніў, што ў праблемах разбяруцца і дадуць адказы.

Нягледзячы на тое, што прамая лінія праводзілася з жыхарамі Першамайскага раёна абласнога цэнтра, дазваніліся ў асноўным людзі з іншых раёнаў Віцебска і вобласці. "Мы адкрыты для ўсіх. Структура пытанняў заяўнікаў не мяняецца. Людзі звяртаюцца наконт ЖКГ, з зямельнымі спрэчкамі. Мы са свайго боку заўсёды гатовы пытанне ўрэгуляваць: альбо вырашыць, альбо падказаць, што рабіць", - адзначыў Анатоль Ліневіч.

Памочнік Прэзідэнта дадаў: для зносін з людзьмі трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, улічваючы цяперашнюю эпідсітуацыю. Тэлефонныя лініі ў гэтым добра дапамагаюць. Тым не менш плануецца, што ў бліжэйшы час у рэгіёне прыступяць да прыёмаў, калі заяўнікі не будуць супраць асабістых кантактаў.

На прыём да памочніка Прэзідэнта ў Першамайскім раёне абласнога цэнтра дазваніліся каля 20 чалавек. Былі закрануты пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, зямельныя спрэчкі, пенсійныя выплаты і жыллёвыя праблемы.

БЕЛТА. Фота з архіва БЕЛТА.