ЖБС будуць даваць ацэнку якасці будаўнічых работ у Віцебскай вобласці

5 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Старшыні ЖБВК будуць прыцягвацца да ацэнкі якасці будаўнічых работ у Віцебскай вобласці. Мінбудархітэктуры бярэ пад асаблівы кантроль сітуацыю з жыллёвым будаўніцтвам у рэгіёне, паведаміў сёння намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Сяргей Ласточкін. Ён прымаў удзел у пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці, дзе разглядаліся вынікі комплексных мерапрыемстваў па разглядзе зваротаў грамадзян па пытанні захавання заканадаўства пры прыёмцы ў эксплуатацыю жылых дамоў і ўстараненні недахопаў на аб'ектах жыллёвага будаўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па даных КДК Віцебскай вобласці, гадавое заданне па ўводзе жылля ў вобласці знаходзіцца пад пагрозай зрыву. За восем месяцаў 2010 года ўведзена ў эксплуатацыю 375 тыс. кв. м жылля, або 52,1% гадавога задання пры заданні на студзень-верасень 80%. На думку Сяргея Ласточкіна, "у рэгіёне правалена будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў мікрараёнах масавай забудовы". Пры гэтым фінансавыя сродкі на ўзвядзенне камунікацый маюцца ў дастатковай колькасці - яны своечасова не асвойваюцца буд-арганізацыямі. Па словах намесніка міністра, Мінбудархітэктуры плануе да канца бягучага года стварыць у вобласці філіял аднаго з буйных прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на будаўніцтве інжынерных сетак і камунікацый. У вобласці будзе ўзмоцнены кантроль над якасцю будаўнічых работ. Штоквартальна плануецца праводзіць нарады з удзелам будаўнічых арганізацый, дзяржбуднагляду, прадстаўнікоў заказчыкаў і старшынь ЖБВК, на якіх будуць абмяркоўвацца пытанні якасці работ. Пры гэтым на ўстараненне недаробак, агучаных прадстаўнікамі новасёлаў, будзе адводзіцца два тыдні. У выпадку несвоечасовага выканання работ арганізацыя можа пазбавіцца ліцэнзіі. Па выніках кантрольных мерапрыемстваў КДК некаторым кіраўнікам буд-арганізацый вобласці давядзецца прайсці пазачарговую пераатэстацыю, такое рашэнне прынята намеснікам міністра на пасяджэнні калегіі. -0-