Журналісты Бі-бі-сі плануюць расказаць пра «Славянскі базар у Віцебску» з месца падзей
6 ліпеня, Мінск /Дар'я Пятровіч - БЕЛТА/. Журналісты Бі-бі-сі (ВВС) маюць намер асвятляць падзеі XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Беларусі, прадстаўнікі Брытанскай вяшчальнай карпарацыі ўпершыню акрэдытаваліся на гэтае свята мастацтваў.
Усяго фестывальны Віцебск чакае прыбыцця каля 600 прадстаўнікоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Германіі, Кітая, Македоніі.
Самай шматлікай па традыцыі будзе каманда беларускіх журналістаў. Пісьменная брація прадставіць больш чым 70 рэспубліканскіх і рэгіянальных перыядычных выданняў, вядучых нацыянальных тэлерадыёканалаў і інфармацыйных агенцтваў. Поўную карціну падзей фестывалю дасць Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Штодзённыя дзённікі з Віцебска будуць выходзіць у эфіры каналаў Белтэлерадыёкампаніі, АНТ, СТБ. Фестывальныя карціны "намалююць" газеты "Савецкая Беларусь", "Звязда", "Рэспубліка", "Літаратура і мастацтва" і іншыя, чые карэспандэнты акрэдытаваны на мерапрыемства. Спецыяльныя выпускі "Культуры" і "Народнай газеты", прысвечаныя "Славянскаму базару", выйдуць у дні свята мастацтваў.
Расійскія СМІ прадстаўлены вядучымі цэнтральнымі і рэгіянальнымі выданнямі і тэлерадыёкампаніямі, сярод якіх "Расійская газета", "Известия", "Литературная газета", "Труд", інфармацыйнае агенцтва ІТАР-ТАСС, тэлеканал "Россия" і многія іншыя.
На фестывалі будуць працаваць карэспандэнты сродкаў масавай інфармацыі Саюзнай дзяржавы: часопіс "Союзное государство", газета "Союзное вече", Телерадиовещательная организация Союза.-0-