Журналісты, чэкісты і нават святары прымуць удзел у акцыі «Тыдзень лесу-2011» у Віцебскай вобласці

16 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Школьнікі, чэкісты, журналісты і нават святары прымуць удзел у акцыі "Тыдзень лесу-2011" у Віцебскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання - галоўны ляснічы Юрый Ліпскі. Ва ўсіх 17 лясгасах вобласці падрыхтаваны ўчасткі, на якіх добраахвотнікі змогуць пасадзіць дрэвы, стварыць памятную алею, закласці дэндрапарк, ачысціць лясную тэрыторыю ад смецця або заняцца добраўпарадкаваннем. Напрыклад, у Расонах лясгас з дапамогай вучняў мясцовай школы збіраецца падрыхтаваць пляцоўку пад дэндрарый. На тэрыторыі ў 2,4 га каля касцёла на беразе возера крыху пазней будуць высаджаны клёны, ясені, блакітныя елкі і рэдкія пароды дрэў. Нараўне з пасадкай дрэў у лясгасах пройдуць дні адкрытых дзвярэй, выставы-кірмашы прадукцыі. Усіх жадаючых запрашаюць на пазнавальныя экскурсіі ў гадавальнікі, дэндрапаркі і паляўнічыя сядзібы. На думку Юрыя Ліпскага, правядзенне падобных акцый дазваляе прыцягнуць увагу грамадскасці да значнасці лясных рэсурсаў у забеспячэнні эканамічнай, экалагічнай і харчовай бяспекі краін. Да 1 мая лясгасы вобласці маюць намер высадзіць дрэвы на плошчы 3 тыс.га. Як спадзяецца галоўны ляснічы, на "Тыдні лесу" добраахвотнікі дапамогуць лясгасам выканаць пастаўленую задачу. Свой удзел у акцыі "Тыдзень лесу-2011" на Віцебшчыне пацвердзілі спецыялісты абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, грамадскія інспектары аховы прыроды, райкамы БРСМ, раённыя і гарадскія аддзелы адукацыі, калектывы рэдакцый абласных газет, лесаўпарадкавальнай экспедыцыі, Віцебская епархія, супрацоўнікі Віцебскай мытні і цэнтральнага апарата КДБ Беларусі. 16-23 красавіка 2011 года ў Беларусі па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі пройдзе добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу-2011”, прысвечаная Міжнароднаму году лясоў.-0-