Журналісты расійскіх і саюзных СМІ ў рамках прэс-тура па Беларусі наведалі Віцебскую вобласць
Ключавой падзеяй трохдзённай паездкі стаў святочны парад у Мінску. Акрамя гэтага, замежныя журналісты наведалі шэраг важных аб'ектаў. Акрамя ваеннай тэматыкі, іх цікавілі пытанні этнаграфіі, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
– У першы дзень удзельнікам распавялі пра лагер смерці «Трасцянец», яны наведалі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, даведаліся шмат новага пра беларуска-расійскія даследчыя праекты, – кажа начальнік аддзела Нацыянальнага прэс-цэнтра Беларусі Дзмітрый Новікаў. – Прэс-туры, якія тычацца ваеннай тэматыкі, праводзім часта. У прыярытэце – найбольш папулярныя маршруты, а ў гэты раз зрабілі акцэнт на Віцебшчыну. Тут ёсць што паказаць і расказаць чытачам і гледачам.
Бегамль – дзіўны населены пункт, у гісторыі якога вайна пакінула незгладжальны след. У музеі народнай славы журналісты федэральных і рэгіянальных расійскіх СМІ засыпалі мясцовых гісторыкаў пытаннямі, здымалі відэасюжэты, шукалі цікавы ракурс для фатаграфій.
– Тэма мужнасці, стойкасці, гераізму савецкіх вайскоўцаў, партызан і падпольшчыкаў цікавая для шырокага кола чытачоў, – працягвае Дзмітрый Новікаў. – Не адкладваючы ў доўгі яшчык, журналісты пішуць матэрыялы прама ў дарозе, публікуючы іх на сайтах і ў сацыяльных сетках пад адным хэштэгам.
Экскурсія па Віцебшчыне працягнулася ва Ушацкім раёне. Госці наведалі дом-музей Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, дзе ім расказалі аб нялёгкім лёсе народнага пісьменніка Беларусі. Затым журналісты пабывалі на мемарыяльным комплексе «Прарыў», прысвечаным прарыву 16 партызанскімі атрадамі блакады нямецка-фашысцкіх войскаў.
Павел Сідарук, карэспандэнт газеты «Кабардзіна-Балкарская праўда», намеснік старшыні савета Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху «За адзінства – «Сябры»:
– Захапіўся бегамльскім музеем і тым, як беражліва вы захоўваеце памяць аб партызанах. Уразіла стаўленне музейных работнікаў да сваёй справы, іх душэўнасць, цеплыня і веданне пытання. На мяне зрабіў незгладжальнае ўражанне мемарыяльны комплекс «Праклён фашызму».
Дарэчы, я ўраджэнец Беларусі, малая радзіма – на Брэстчыне. Бацька быў франтавіком, дайшоў да Берліна. Аб вайне ведаю шмат, чытаю, цікавлюся. У Кабардзіна-Балкарыі ўдзельнічаю ў праекце па аднаўленні імёнаў загінулых у тыя гады.
Някалькі разоў прымаў удзел у прэс-канферэнцыях, якія праводзіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Вельмі люблю вашу краіну!
Ігар Ягубкоў, блогер, Перм:
– Пішу аб прамысловасці ў Расіі і суседніх краінах. У прыватнасці, у Беларусі наведаў каля 20 найбуйнейшых прадпрыемстваў. У мяне шмат пастаянных падпісчыкаў, сярод якіх – прадстаўнікі розных прафесій. І я бачу, што ім цікавыя матэрыялы аб Беларусі, аб вашых славутасцях, гістарычнай спадчыне.
На Віцебшчыне дзякуючы прэс-туру апынуўся ўпершыню. Мне ўсё падабаецца: і прырода, і гасціннасць мясцовых жыхароў, і гісторыя вашых гарадоў, вёсак.
Я так захапіўся, што, калі шчыра, і не заўважыў, што экскурсіі праводзіліся на беларускай мове. Усё зразумела. Шкада, што часу было не так шмат, але тое, што ўбачыў, кранула да глыбіні душы, асабліва тэатралізаванае прадстаўленне ў мемарыяльным комплексе «Праклён фашызму». Такога яшчэ не бачыў. Разам з намі прысутнічалі школьнікі з Наваполацка, прадстаўнікі Маладзёжнай палаты.
Спецыяльны карэспандэнт МИА «Расія сёння» Карына Івашка:
– Я не першы раз у вашай краіне, тут заўсёды цёпла, душэўна, сюды хочацца вярнуцца. Гэты прэс-тур прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад фашыстаў. Апавяданне пра тое, як яны абышліся з мірнымі жыхарамі, не можа пакінуць абыякавымі. У Бегамлі я прыкрывалася акулярамі, але слёзы каціліся градам, таму што ўся гэтая гісторыя не можа не кранаць. Тут усё зямля прасякнута горам. Але радуе, што людзі ў Беларусі жыццярадасныя, у іх ёсць жаданне жыць за тых, хто не прайшоў свой шлях да канца.
Дэпутат Заканадаўчага сходу Цвярской вобласці Людміла Вараб'ёва і яе памочнік Аляксей Шлякоў прадстаўлялі газету «Пралетарская праўда» і інфармацыйны партал «Цвер 24».
Людміла: Мы наведалі музей-сядзібу Васіля Быкава. Вядома, я чытала яго кнігі, глядзела фільмы, знятыя па яго творах. Але мяне настолькі ўразіў аповяд пра яго лёс: і тое, што ў школе ён быў вундэркіндам – за адзін год прайшоў праграму трох гадоў, і тое, што не раз заставаўся жывы, калі ўсе лічылі, што яго ўжо няма. Уся яго біяграфія кажа пра тое, што, напэўна, Бог яго захоўваў для беларускага народа і ў цэлым для ўсіх нас, каб ён расказаў нам пра вайну.
Аляксей: Беларусам не сорамна перад сваімі продкамі. У краіне захоўваюцца і культурныя традыцыі, і гістарычныя помнікі, у тым ліку звязаныя з гераічнай барацьбой і партызанскім рухам. Прычым гэтыя аб'екты ў выдатным стане, відаць, што за імі даглядаюць. І самае галоўнае – маладому пакаленню прышчапляюцца павага, любоў да свайго мінулага і беражлівае стаўленне да яго.