Зімні ўніверсітэт клубаў ЮНЕСКА-2017 збярэ ў Віцебску актывістаў з усёй Беларусі

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА" правядзе 23-24 снежня ў Віцебску Зімовы ўніверсітэт клубаў ЮНЕСКА-2017, у якім прымуць удзел дэлегацыі больш за 30 клубаў ЮНЕСКА, а таксама клубаў-кандыдатаў, якія дзейнічаюць ва ўсіх абласцях, паведамілі арганізатары з аддзела піянерскай работы і дзіцячых рухаў ГУДА "Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі".

Мерапрыемства прымеркавана да Года навукі ў Беларусі, а таксама 70-годдзя Сусветнага руху клубаў ЮНЕСКА і Мэт устойлівага развіцця. Чакаецца, што Віцебск збярэ прыкладна 150 чалавек, якія стануць удзельнікамі адукацыйных мерапрыемстваў. Члены клубаў ЮНЕСКА навучацца рабоце па папулярызацыі дзейнасці ААН і ЮНЕСКА, Мэт устойлівага развіцця. Будуць закрануты тэмы экалогіі, канфлікталёгіі, правоў дзяцей, вывучэння сусветнай і нацыянальнай культурна-гістарычнай і прыроднай спадчыны, здаровага ладу жыцця. Дзеці будуць асвойваць прафесію журналіста і павышаць свае лідарскія якасці. Зімовы ўніверсітэт нясе таксама функцыю выніковага мерапрыемства 2017 года: дэлегацыі клубаў ЮНЕСКА прыедуць са справаздачамі аб рабоце. На майстар-класах прадстаўнікі клубаў падзеляцца вопытам рэалізацыі праектаў.

Праграма прадугледжвае культурны блок, які уключае ўрачыстае адкрыццё (яно адбудзецца 23 снежня ў 11.00 у актавай зале гімназіі №1), канцэрт, экскурсіі, тэматычныя пляцоўкі, творчы вечар "Калі дружба ёсць - яна навечна!", гісторыка-пазнавальная камандная гульня па славутасцях Віцебска.

Універсітэт арганізуецца пры падтрымцы камітэта "Моладзь і клубы ЮНЕСКА" у партнёрстве з Нацыянальнай камісіяй Беларусі па справах ЮНЕСКА, упраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама і ў супрацоўніцтве з Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.

БЕЛТА.