Зюзя Паазерскі да прыезду турыстаў саліць снежкі і рыхтуе салют станоўчых эмоцый

9 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Зюзя Паазерскі пакажа, з чаго ядуць салёныя снежкі, і ў гонар сваіх гасцей дасць салют пазітыўных эмоцый, расказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягор Шушкевіч. Шосты год персанаж старажытнаславянскай міфалогіі - боства холаду і марозу, якога часта называюць прадзедам Дзеда Мароза, жыве пад Паставамі. За сем магічных кіламетраў ад райцэнтра ён пабудаваў сваю сядзібу - Зюзеву аколіцу і штогод разам са сваімі сябрамі - старажытнаславянскімі бажкамі прымае там шматлікіх турыстаў. Сёлетнія святы Зюзя сустрэне ўжо ў уласнай хаце. Як і належыць на наваселле, гасцей чакае пачастунак - салёныя снежкі. А каму яны прыйдуцца не да спадобы - Зюзя не будзе ў крыўдзе, традыцыйны пачастунак з травяным чаем, блінамі і пернікамі заўсёды будзе гатовы да прыезду гасцей у карчме. Разам з Зюзем турыстаў чакаюць цётка Агата, Лазнік - жыхар лазні, Хапун, які гатовы ў любую хвіліну схапіць азорнікаў на вузкай сцежцы і пасадзіць у мяшок. У сядзібе зноў будзе працаваць кірмаш народных рамёстваў "Паазерскія забаўкі", каб сувенір ад Зюзі змог забраць кожны ахвотны. Абноўленае тэатралізаванае шоў таксама, па традыцыі, чакае гасцей. А ў яго завяршэнне салют успышкамі асвятліць вячэрняе пастаўскае неба. Зюзя Паазерскі ўжо паспеў стаць сімвалам Пастаўскага краю і нават справакаваў цікавасць да гісторыі фальклору. У цэнтры турыстычных паслуг утварыўся гурток "Кола Сварога", удзельнікі якога ўзяліся за вывучэнне і аднаўленне старажытнаславянскіх міфаў і звычаяў. На думку Ягора Шушкевіча, дзякуючы знаходкам аматараў-фалькларыстаў Зюзіна аколіца зможа папоўніцца новымі жыхарамі, а турысты яшчэ больш даведаюцца пра традыцыі беларусаў. Сёлетні сезон Зюзя Паазерскі пачне 17 снежня. Як і раней, першымі гасцямі стануць мясцовыя школьнікі - выдатнікі, актывісты, пераможцы прадметных алімпіяд. Па словах Ягора Шушкевіча, летась падчас зімовых канікул рэзідэнцыю Зюзі Паазерскага наведалі больш за 6 тыс. чалавек. На свае вочы ўбачылі легендарнага старажытнаславянскага героя турысты з Расіі, Кітая, Германіі, Італіі, Польшчы. Сёлета колькасць гасцей будзе не меншай - турыстычныя фірмы пачалі браніраваць дату сустрэчы з Зюзем Паазерскім.-0-