Значэнне "Славянскага базару ў Віцебску" ўсё расце - дэпутат Дзярждумы РФ

10 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Значэнне і аўтарытэт "Славянскага базару ў Віцебску" ўсё растуць. Такое меркаванне выказаў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю фестывалю, дэпутат Дзярждумы Расіі і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Анатоль Локаць, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Анатоль Локаць падкрэсліў, што Саюзная дзяржава не можа прайсці міма такой значнай падзеі, удзельнічае ў ёй штогод. У прыватнасці, гэта і ўдзел фінансавымі рэсурсамі: на "Славянскі базар" з саюзнага бюджэту выдзяляецца 25 млн. расійскіх рублёў. Па словах парламентарыя, віцебскі фестываль важны і з палітычнага пункту гледжання: ён з'яўляецца эфектыўным элементам народнай дыпламатыі, паколькі дазваляе народам дамовіцца аб тым, што не змаглі зрабіць палітыкі. "З гэтага пункту гледжання фестываль немагчыма пераацаніць", - лічыць дэпутат. Анатоль Локаць адзначыў прыкметную асаблівасць сёлетняга фестывалю, які праходзіць у год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Гэтая дата важная для ўсіх народаў былога Савецкага Саюза, і ў фестывалі на ёй зроблены значны акцэнт", - сказаў ён. "Саюзная дзяржава ўдзельнічала і ў далейшым будзе ўдзельнічаць у "Славянскім базары ў Віцебску", - дадаў Анатоль Локаць. У сваю чаргу першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатко адзначыў, што сёлета некалькі змяніўся фармат правядзення на "Славянскім базары ў Віцебску" Дня Саюзнай дзяржавы: "11 ліпеня ў Віцебск прыбудзе вялікая дэлегацыя Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, - распавёў ён. - У бліжэйшыя два дні пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Саюзнай дзяржаве. Дзень закрыцця фестывалю таксама з'яўляецца Днём Саюзнай дзяржавы. На заключным канцэрце будуць уручаны ўзнагароды Пастаяннага камітэта і Парламенцкага сходу".-0-