Знаёмства з невядомымі славутасцямі наваколля Віцебска чакае наведвальнікаў гарадскога цэнтра "Задзвінне".
30 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Своеасаблівая экскурсія па невядомых славутасцях наваколляў абласнога цэнтра чакае наведвальнікаў Віцебскага гарадскога цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінне", якія пабываюць на выставе "Нечаканыя ваколіцы Віцебска", што адкрылася ў гэтай установе культуры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Экспазіцыя падрыхтавана на аснове матэрыялаў кандыдата гістарычных навук Мікалая Півавара.
Азнаёміцца з прадстаўленымі на выставе матэрыяламі будзе цікава і прадстаўнікам турфірм, зацікаўленым у новых незвычайных маршрутах. Фотаздымкі, тэксты і карты вучонага сведчаць, што незвычайнае сапраўды побач.
Так, разам са сваімі гурткоўцамі з клуба "Дзвіна" краязнавец адшукаў самую вялікую ў Беларусі сасну. Дыяметр дрэва ва ўзросце 200-250 гадоў, якое расце каля вёскі Сушчава Віцебскага раёна, складае 1,4 м, вышыня - 28 м. У Прыдзвінне знаходзіцца і самы вялікі камень. Валун, які ляжыць каля вёскі Горкі Шумілінскага раёна, дасягае ў даўжыню 11 м, у шырыню - 5 м, у вышыню - 2,5 м. Па словах спецыялістаў, яго вага складае каля 29,2 т. Псеўданім Чортаў ён атрымаў за тое, што збівае з дарогі падарожнікаў. Як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, чалавек, які прайшоў міма каменя, ніколі не трапляе ў патрэбнае яму месца. Акрамя таго, ёсць на Віцебшчыне і камень закаханых, які можна ўбачыць каля возера Сосна, што размешчана ў Віцебскім раёне. З гэтым каменем звязана прыгожае паданне аб трагічным каханні каваля і юнай дзяўчыны, вымушанай выйсці замуж за старога пана.
У самым паўночным рэгіёне Беларусі, магчыма, існаваў і містычны Гарцеслаў. Аб рэальным месцазнаходжанні гэтага горада-прывіда, пазначанага на дзясятках карт Рэчы Паспалітай, ніхто не ведаў. Сёння можна толькі здагадвацца, што гэтае месца знаходзіцца ў Гарадоцкім раёне.
Усяго ў "багажы" віцебскага краязнаўца сабрана больш за сотню найцікавейшых гісторый аб самых незвычайных славутасцях наваколляў абласнога цэнтра. Як адзначыў карэспандэнту БЕЛТА Мікалай Півавар, "і ехаць на Мальдывы за новымі ўражаннямі зусім неабавязкова, дастаткова больш пільна паглядзець вакол".
Мікалай Півавар - настаўнік Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для адораных дзяцей. Ён выкладае ў ВДУ імя П.М.Машэрава, з'яўляецца аўтарам кніг "Методыка пошукаў помнікаў прыроды ў краязнаўчай працы", "Турыстычныя паходы і экскурсіі ў наваколлях Віцебска", "Даследчыкі полацка-віцебскай даўніны". Неацэнны ўклад гэтага вучонага ў стварэнне падручніка па гісторыі і прыродазнаўстве Віцебскага раёна.-0-