Знаёмства інвестараў з рэгіёнамі вобласці завяршае восеньскі інвестфорум у Віцебску

16 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Знаёмствам інвестараў з рэгіёнамі вобласці завяршаецца восеньскі інвестфорум у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Работа маштабнага мерапрыемства прайшла плённа для ўсіх бакоў. Было заключана шэсць пагадненняў на агульную суму больш за $180 млн. У прыватнасці, пратакол намераў падпісаны паміж Віцебскім гарвыканкамам і ТАА "Этнапарк" (Віцебск) па стварэнні этнаграфічнага парку культуры. У адпаведнасці з праектам ён будзе адлюстроўваць характэрныя рысы нацыянальнай архітэктуры сялянскага дома, побыту і кухні народаў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Кампанію Logistikas Partneri SIA (Латвія) прыцягнула інвестыцыйная прапанова Аршанскага авіярамонтнага завода па развіцці грузавой транспартнай лагістыкі, а ІПТАА "Татбелнефцепрадукт" (Татарстан) - магчымасць развіцця сеткі аўтазаправачных станцый у Віцебскай вобласці. Прадстаўнікі татарстанскай кампаніі падпісалі два пагадненні аб будаўніцтве АЗС у Талачынскім і Докшыцкім раёнах. Новы імпульс атрымае развіццё сеткі прыдарожнага сэрвісу Прыдзвіння. Пратакол намераў аб стварэнні аб'ектаў у гэтай сферы заключылі Докшыцкі райвыканкам і ТАА "ЛесТрансЭкспарт" (Мінск), а таксама Сенненскі райвыканкам і ААТ "Марген" (Сенненскі раён). У інвестыцыйным форуме 15-16 кастрычніка прынялі ўдзел прадстаўнікі 40 кампаній з Расіі, Польшчы, Латвіі, а таксама дыпламатычных місій. Іх увазе суб'екты гаспадарання ўсіх рэгіёнаў Прыдзвіння прадставілі 140 праектаў. Асноўная частка прапаноў была звязана са стварэннем вытворчасцей па перапрацоўцы мясцовай сыравіны - драўніны, даламіту, гліны, торфу. Раёны вобласці прадставілі інвестпраекты па развіцці прыдарожнага сэрвісу, турыстычнай інфраструктуры, стварэнні транспартна-лагістычных цэнтраў. Выстаўку сваёй прадукцыі арганізавалі перапрацоўчыя прадпрыемствы рэгіёну. Адным з галоўных мерапрыемстваў стала таксама ўпершыню арганізаваная выстаўка-кірмаш-шоу "Віцебскі лён", падчас якой адбылася дэманстрацыя вырабаў са лёну. Восенскі бізнес-форум стаў трэцім па ліку ў бягучым годзе. Два папярэднія дазволілі заключыць 54 пагадненні на агульную суму $480 млн.-0-