Знакаміты худграф Віцебскага ўніверсітэта адкрыў цыкл выставачных мерапрыемстваў да 50-годдзя факультэта
29 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 60 дыпломных работ выпускнікоў мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава прадстаўлены на адкрытай сёння ў Віцебску выстаўцы, прысвечанай 50-годдзю факультэта. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры выяўленчага мастацтва ВНУ Мікалай Гугнін.
У экспазіцыі, складзенай з работ студэнтаў апошніх некалькіх гадоў, прадстаўлены жывапісныя, графічныя творы і работы прыкладнога характару - габелен, кераміка, разьба і гіпсавыя скульптуры. Два залы Мастацкага музея змаглі змясціць толькі малую частку якасных работ, якія захоўваюцца ў фондзе факультэта. Тым не менш, пры фарміраванні экспазіцыі арганізатары імкнуліся падкрэсліць жанравую разнастайнасць творчасці студэнтаў - гэта партрэты, тэматычныя кампазіцыі, трыпціх "Нараджэнне казкі", жывапісныя разважанні аб сельскай Беларусі, лірычныя пейзажы і нацюрморты. "За гэтыя гады праз факультэт прайшлі ўнікальныя студэнты, таленавітыя ва ўсім, таму мы вырашылі пасля доўгага перапынку выйсці да віцяблян такім шырокім прадстаўніцтвам, пазнаёміўшы менавіта з дыпломнымі работамі выпускнікоў", - адзначыў Мікалай Гугнін. Напярэдадні мерапрыемства ў Віцебску работы экспанаваліся на студэнцкай выстаўцы ў Смаленску, дадаў суразмоўца.
Выстаўка адкрывае цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 50-годдзю знакамітага віцебскага мастацка-графічнага факультэта і будзе працаваць на працягу месяца. Урачыстае закрыццё экспазіцыі плануецца правесці ў рамках IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Выяўленчае мастацтва ў сістэме адукацыі", намечанай на канец кастрычніка. Акрамя таго, у пачатку будучага года мастацка-графічны факультэт ВДУ разгорне рэтраспектыўную выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Экспазіцыю плануецца сфарміраваць такім чынам, каб прадставіць творчасць студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама найбольш поўна пазнаёміць наведвальнікаў з гісторыяй мастацка-графічнага факультэта віцебскай ВНУ, паведаміў Мікалай Гугнін.-0-