Сцяг Полацкага кадэцкага корпуса ўзору 1845 года вернецца ў Полацк

Гістарычны сцяг Полацкага кадэцкага корпуса будзе перададзены на часовае захоўванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым паведаміў старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў Юрый Сенькоў.

Гістарычны сцяг Полацкага кадэцкага корпуса будзе перададзены на часовае захоўванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў Юрый Сенькоў.

"Кіраўніцтвам дзяржавы прынята рашэнне перадаць сцяг Полацкаму кадэцкаму вучылішчу як правапераемніку Полацкага кадэцкага корпуса і прадаўжальніку яго традыцый пасля завяршэння капітальнага рамонту будынка вучылішча і аднаўлення музея гісторыі кадэцкай адукацыі. Да гэтага сцяг будзе часова захоўвацца ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны", - распавёў Юрый Сенькоў.

Гістарычны сцяг быў вернуты ў Беларусь у маі 2014 года. У цяперашні час ён захоўваецца ў праваслаўным храме Опцінскіх старцаў у Мінску.

Сцяг полацкіх кадэтаў узору 1845 года быў вывезены з краіны ў 1920 годзе. З 1957 года ён захоўваўся ў сінадальным Знаменскім саборы Нью-Ёрка (ЗША). На працягу двух гадоў грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў" вяло перамовы са старшынямі Нью-Ёркскага аб'яднання кадэтаў і Прэзідыумам кадэтаў замежжа па пытанні вяртання рэліквіі ў Полацк. У выніку было прынята рашэнне правесці цырымонію перадачы сцяга Полацкаму кадэцкаму вучылішчу ў будынку, дзе раней размяшчаўся Першы Рускі Вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча кадэцкі корпус у горадзе Белая Царква (Сербія).

У мінулым годзе ў Беларусь былі дастаўлены фрагменты сцяга Полацкага кадэцкага корпуса. Ларец з часцінкамі рэліквіі 19 снежня 2013 года, у дзень карпуснога свята, быў урачыста ўручаны дырэктару Полацкага кадэцкага вучылішча.

Полацкі кадэцкі корпус — пачатковая ваенна-вучэбная установа расійскага імператарскага войска, якая рыхтавала дзяцей і падлеткаў да ваеннай службы. Корпус быў адкрыты ў 1835 годзе па загадзе Мікалая I, ён размяшчаўся ў будынках езуіцкай акадэміі і кляштара, пабудаваных у XVIII стагоддзі. Кадэтаў набіралі са шляхецкіх дзяцей Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў. Кожная губерня дасылала кандыдатаў на залічэнне ў корпус у залежнасці ад памеру пералічанага унёску. Штат Полацкага кадэцкага корпуса прадугледжваўся ў 400 кадэтаў, размеркаваных па чатырох ротах: адна грэнадэрская, дзве мушкецёрскія і адна неранжыраваная. Першы выпуск афіцэраў адбыўся ў 1857 годзе.