Знаўцы дзіцячай моды з усёй рэспублікі прыедуць у Наваполацк на конкурс «KidsCouture»
Малыя і падлеткі, хлопчыкі і дзяўчынкі нароўні з дарослымі маюць права на індывідуальны стыль адзення, дызайнерскія рэчы, пашытыя па самых сучасных тэндэнцыях. Што і пацвярджае адкрыты гарадскі конкурс дзіцячай моды «KidsCouture», які праводзіцца ў Нафтаградзе ўжо другі раз. Пляцоўкай для подыума 8 снежня стане сцэна мясцовага Палаца культуры.
Працоўныя калектывы, якія спецыялізуюцца на пашыве адзення, і маладыя дызайнеры з розных гарадоў Беларусі прадставяць свае погляды на дзіцячую і падлеткавую моду. Нашу вобласць прадставяць, напрыклад, такія тэатры моды, як «Меланж» з Дуброўна, «GoldStar» з Оршы і верхнядзвінскі «Образ».
Дарэчы, прафесійнае журы ацэніць не толькі палёты фантазіі і майстэрства куцюр'е, але і сцэнічнае мастацтва юных мадэляў, бо любую адзежу важна яшчэ ўмець насіць.
Наталля РЫЖКОВА.
«ВР»