Золатавалютныя рэзервы Беларусі па стандартах МВФ у студзені скараціліся на 13,7%

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ём міжнародных рэзервовых актываў Беларусі ў нацыянальным вызначэнні на 1 лютага склаў $5579,5 млн. За мінулы месяц ён скараціўся на $575,8 млн, або на 9,4%. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі са спасылкай на папярэднія даныя. Міжнародныя рэзервовыя актывы ў вызначэнні спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных МВФ за аналагічны перыяд паменшыліся на $687,7 млн, або на 13,7%, і на 1 лютага 2011 года склалі $4343 млн. Як растлумачылі ў Нацбанку, зніжэнне золатавалютных рэзерваў з'яўляецца характэрнай для студзеня з'явай і назіраецца на працягу ўсяго перыяду разліку гэтых паказчыкаў. Асноўнымі прычынамі зніжэння рэзерваў у Нацбанку назвалі сезонныя фактары - выкананне разлікаў у замежнай валюце па абавязацельствах мінулага года, а таксама традыцыйнае падзенне аб'ёмаў валютнай выручкі, якая паступае ў краіну, на фоне высокай патрэбнасці ў валюце для разлікаў за энерганосьбіты. У студзені 2011 года на аб'ём рэзерваў дадатковы негатыўны ўплыў аказалі падзенне цэн на каштоўныя металы на сусветных рынках, а таксама аднаўленне банкамі валютных пазіцый, якія скараціліся ў лістападзе-снежні 2010 года з-за высокага попыту насельніцтва на замежную валюту. У сваю чаргу чысты попыт насельніцтва на замежную валюту ў студзені, як і чакалася, прыкметна скараціўся і склаў каля $57 млн у параўнанні з $649 млн у снежні 2010 года. Наяўны ўзровень рэзерваў з'яўляецца дастатковым для вырашэння прыярытэтнай задачы грашова-крэдытнай палітыкі па падтрыманні стабільнага курса беларускага рубля ў межах устаноўленага калідора значэнняў. Тым не менш у мэтах умацавання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці Нацыянальным банкам сумесна з Урадам Беларусі ў цяперашні час прымаецца цэлы комплекс дадатковых мер, накіраваных на павелічэнне ўзроўню золатавалютных рэзерваў. У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2011 год рост міжнародных рэзервовых актываў у бягучым годзе складзе не менш за $1,2 млрд. Асноўнымі фактарамі такога росту павінны стаць прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў памеры $6,4-6,5 млрд, а таксама выраўноўванне сітуацыі ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі за кошт павышэння эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.-0-