Занальныя архівы Віцебскай вобласці першымі ў Беларусі выдалі пуцёўцы па архіўных фондах

16 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Зональныя дзяржаўныя архівы ў Оршы і Глыбокім Віцебскай вобласці першымі ў Беларусі сярод рэгіянальных архіваў рэалізавалі праекты па стварэнні пуцёўніка па архіўных фондах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па архівах і справаводстве галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама. Пуцёўнік з'яўляецца адным з асноўных элементаў сістэмы навукова-даведачнага апарату да дакументаў архіва і змяшчае інфармацыю аб яго фондах. Цяпер завяршаецца падрыхтоўка да друку аналагічных выданняў па Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці і Зональным дзяржаўным архіве ў Полацку, якія плануецца выдаць у 2010 годзе. Такім чынам, Віцебская вобласць стане першым рэгіёнам, дзе ўсе архіўныя ўстановы будуць мець уласныя пуцёўнікі па фондах. Такое выданне дае магчымасць азнаёміцца і арыентавацца ў велізарным масіве дакументаў архіва і прызначана для даследчыкаў, гісторыкаў, краязнаўцаў. Яно таксама будзе прадстаўляць цікавасць для грамадскасці, прадпрыемстваў і арганізацый, усіх, хто неабыякавы да гісторыі роднага краю. Так, у пуцёўніку па Зональным дзярлархіве ў Оршы змяшчаюцца апісанні больш за 1,3 тыс. фондаў, анатацыі складу дакументаў з 1917 па 2004 год, якія адлюстроўваюць палітычнае, эканамічнае, сацыяльна-культурнае развіццё Оршы, а таксама Аршанскага, Дубровенскага, Сенненскага, Талачынскага раёнаў. Для зручнасці карыстальнікаў у выданні прыводзяцца звесткі па гісторыі арганізацый, дакументы якіх захоўваюцца ў архіве. Акрамя таго, пуцёўнік дае магчымасць адсачыць "міграцыю" дакументаў, выкліканую ўтварэннем сеткі тэрытарыяльных архіваў па асабовым складзе. У ім прадстаўлена інфармацыя аб усіх арганізацыях, чые дакументы па асабовым складзе захоўваюцца ў Дубровенскім, Аршанскім, Сенненскім, Талачынскім раёнархівах. Прадмова да выдання змяшчае гісторыю стварэння і развіцця зональнага дзярлархіва, а таксама архіўнай справы ў Аршанскім раёне. Пуцёўнік па Зональным дзяржаўным архіве ў Глыбокім выдадзены ў выглядзе кароткага даведніка, які аб'ядноўвае інфармацыю аб фондах і дакументах, што характарызуюць развіццё Браслаўскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага раёнаў.-0-