Занальныя адборы ініцыятыў "100 ідэй для Беларусі" стартуюць у Віцебскай вобласці

Зональныя адборы ініцыятыў "100 ідэй для Беларусі" у Віцебскай вобласці стартуюць з выставы-прэзентацыі ў медуніверсітэце, паведаміў другі сакратар абласнога камітэта БРСМ Дзмітрый Туранок.

 

Сёлета адбор ініцыятыў на рэспубліканскі конкурс "100 ідэй для Беларусі" пачынаецца не з абласнога этапу, а з зональных адбораў - на ўзроўні раёнаў і пярвічак з правамі раённых камітэтаў. Першай у Віцебскай вобласці свой тэрытарыяльны адбор правяла пярвічная арганізацыя Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

"На выставу-прэзентацыю вынікі сваёй працы прадставяць аўтары інавацыйных праектаў не толькі нашай ВНУ, але і некаторых іншых устаноў адукацыі Віцебска. Амаль усе праекты маюць сацыяльны характар: групавое даследаванне розных напрамкаў ЗЛЖ на базе інтэрнатаў, праект "Эка-інтэрнат", трэнінгавыя заняткі з падлеткамі з груп рызыкі на базе трох школ Віцебска і іншыя. Але ёсць і навуковыя распрацоўкі. Напрыклад, наш шасцікурснік дапрацаваў ужо чацвёрты варыянт свайго прыстасавання - ультрафіялетавы фільтр "МК-4", які выкарыстоўваецца для ачысткі паветра ў аперацыйнай. Ён малапамерны і не патрабуе шмат энергіі. Яшчэ прадстаўнік ветэрынарнай акадэміі прэзентуе свой варыянт фітатэрапіі для жывёл", - распавёў сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ медуніверсітэта Дзмітрый Кузняцоў.

Па выніках пасяджэння рэгіянальнага экспертнага савета аўтары лепшых праектаў атрымаюць пуцёўку для ўдзелу ў гарадскім конкурсе. Асаблівасцю выставы стане намінацыя "Лепшы інавацыйны праект", аўтару якога дастанецца сертыфікат на бясплатнае навучанне ў "Стартап-школе Віцебск". Акрамя таго, перад мерапрыемствам адбудзецца семінар-трэнінг для валанцёраў "Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь", падчас якога студэнты ВДМУ, якія жадаюць далучыцца да валанцёрскага руху ВНУ, атрымаюць самыя першыя і важныя напутствы ад вопытных трэнераў.

"100 ідэй для Беларусі" - рэспубліканскі маладзёжны праект ГА "БРСМ", асноўная задача якога заключаецца ў актывізацыі інавацыйнай дзейнасці і прафесійнай мабільнасці моладзі, стварэнні іпрасоўванні канкрэтных інавацыйных праектаў і перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак.

Кацярына Князева - БЕЛТА.