ZOOparking «Ноеў каўчэг» зноў вярнуўся ў Віцебск
Прадстаўленчы і эфектны арт-праект «ZOOparking «Ноеў каўчэг», заяўлены ў 2011 годзе як трыенале ў Віцебску, зноў вярнуўся ў Мастацкі музей і стаў яркай падзеяй.
Ініцыятар і куратар рэспубліканскай выстаўкі — дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава, мастак Алег Кастагрыз, вядомы сваёй прыхільнасцю да жанру анімалістыкі. І калі першая ім арганізаваная экспазіцыя дэманстравала прысутнасць «паралельнага свету» ў сучасным беларускім мастацтве, то ў цяперашняй акцэнты зрушаны ў бок узаемаадносін двух светаў — чалавека і жывёл.
У зборы выстаўкі 79 работ — жывапіс, графіка, скульптура 36 аўтараў з Віцебска, Мінска, Брэста, Гродна, Пінска, Оршы, Масквы і Санкт-Пецярбурга, прычым усе мастакі з гучнымі імёнамі. Тут прадстаўлена графіка зорак беларускай графікі Юрыя Якавенкі і Паўла Татараннікава, апошні, нагадаем, уладальнік дзвюх узнагарод «Залатое яблык» Міжнароднай біенале ілюстрацый у Браціславе (у кніжнай графіцы тое ж, што ў кінематографе «Оскар»), работы віцебскіх мэтрыкаў Фелікса Гумена, Аляксандра Салаўёва…
Цікава, што некаторыя працы вядомых майстроў дэманструюць не менш вядомыя мастакі, у чыіх калекцыях яны знаходзяцца. Так, дзякуючы Льву Алімаву з Брэста на віцебскай выставе прадстаўлены экcлібрысы 1995 года нашага класіка Арлена Кашкурэвіча, афорт мастака Юрыя Ноздрына з Масквы, таксама трапіў на праект анімалістыка вядомага маскоўскага мастака Сяргея Цігаля, унука пісьменніцы Марыэты Шагінян. І гэта не адзіны прыклад.
У прадстаўленых мастацкіх творах шмат алегарычных выказванняў, калі аўтар перадае сваю ідэю праз выяву той ці іншай жывой істоты, носьбіта пэўнага сімвала, прысутнага ў розных культурных традыцыях.
Арт-праект «ZOOparking «Ноеў каўчэг» мае гуманістычную накіраванасць. Ён можа быць цікавы і гледачу-сузіральніку жывой прыроды, і гледачу-філосафу, дзіцяці, якое пазнае свет, і сур'ёзнаму даследчыку жанру.
Наталля Крупіца, "Віцьбічы"