Званне «Жанчына года Беларусі-2020» атрымалі шэсць прадстаўніц Віцебскай вобласці

Звание «Женщина года Беларуси-2020» получили шесть представительниц Витебской области
Цырымонія ўшанавання пераможцаў ХIII рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2020» адбылася ў Мінскім гарадскім Палацы культуры, які быў напоўнены вясновай святочнай атмасферай і урачыстасцю сапраўднай душэўнай прыгажосці, пяшчоты і стойкасці.

Конкурс штогод праводзіцца Беларускім саюзам жанчын і прызваны паказаць ролю прыгожай паловы чалавецтва ў сучасным грамадстве, уклад у жыццё і дабрабыт суверэннай Беларусі. Мерапрыемства адкрывала старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан.

– У конкурсе «Жанчына года Беларусі» ў гэты раз прынялі ўдзел 365 жанчын – кожная з іх яркая і цікавая асоба, лідар, адказны за сябе, калектыў, якая праяўляе актыўную жыццёвую пазіцыю і патрыятызм. У выніку адбору на ўсіх этапах конкурсу, пераможцамі сталі 47 прадстаўніц прыгожага полу, - адзначыла Алена Леанідаўна.


Узнагароду пераможцы ў намінацыі «Паспяховы кіраўнік» дырэктару Клясціцкай сярэдняй школы-сада імя В.А. Хомчаноўскага Расонскага раёна Таццяне Мельман уручыў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка. Таццяна Віктараўна – выпускніца Клясціцкай школы, у якой працуе 28 гадоў, з іх 22 гады на пасадзе кіраўніка. Яна лічыць, што дырэктар павінен заставацца педагогам і, нягледзячы на вялікую занятасць адміністрацыйнай працай, не пакідае выкладанне, вядзе беларускую мову і літаратуру, прывіваючы дзецям любоў да роднай зямлі. Сваім прыкладам паказвае, што чалавек можа многага дасягнуць, застаючыся верным малой радзіме.


– Гордасць Клясціцкай школы – унікальны на прасторы СНД музей Народнай славы, прысвечаны Айчыннай вайне 1812 года, – расказала Таццяна Мельман. – Бітва пад Клясціцамі, калі руская армія спыніла французаў, якія рваліся да Санкт-Пецярбурга, увайшла ў гісторыю ратнай славы. Матэрыялы музея дапамагаюць нам у правядзенні патрыятычнага выхавання моладзі.



Ігар Петрышэнка, віншуючы пераможцаў, адзначыў:

– Нам, мужчынам, пашанцавала працаваць і тварыць разам з такімі цудоўнымі жанчынамі. Няпростыя выпрабаванні падаюць на жаночыя плечы, але вы з годнасцю і гонарам іх пераадольваеце. А самае галоўнае – паказваеце наглядны прыклад маладому пакаленню. Велізарныя словы падзякі за тое, што вы захоўваеце адзінства ў сваіх сем'ях і калектывах. Менавіта дзякуючы вашаму неабыякаваму стаўленню будзе і адзінства ў нашай краіне.


Жанчынай года ў намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» стала інжынер па падрыхтоўцы кадраў УПАК ПА «Беларусьнафта» намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Ірына Капшуль. У мінулым годзе Ірына Вітальеўна як шматдзетная маці, што годна выхоўвае траіх дзяцей, атрымала ад Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі медаль у памяць 500-годдзя Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Ірына Капшуль актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, грамадзянска-патрыятычнай, выхаваўчай, ідэалагічнай працай, удзельнічае ў дыялогавых пляцоўках. На гэтым урачыстым мерапрыемстве ўзнагароду Ірыне Вітальеўне ўручыў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.


– Жанчыны паказалі сябе сапраўднымі патрыётамі, з'явілі прыклад шчырай любові да роднай зямлі, – сказаў Андрэй Кунцэвіч. – Беларускі саюз жанчын у ліку найбольш аўтарытэтных і ўплывовых структур дзякуючы свайму актыўнаму ўдзелу ў лёсе краіны. Падзеі 2020 года падштурхнулі многіх, у тым ліку нашых выдатных жанчын да па-сапраўднаму важных спраў і учынкаў, яны даказалі: пандэмія ці грамадскія страсенні саступаюць перад іх упартасцю і чалавекалюбствам, глыбінным матчыным жаданнем зберагчы і захаваць.

Беларускі саюз жанчын упершыню асобна адзначыў за асаблівыя заслугі работніц медыцыны.


– 2020 год – быў годам выпрабаванняў, у тым ліку для сістэмы аховы здароўя, – адзначыла Алена Богдан. – Таму, калі мы прадумвалі нашыя намінацыі, з'явілася такая як «Сэрца аддаю людзям», і пяць пераможцаў з сямі ў ёй – медыцынскія работнікі. У іх асобе мы дзякуем усім жанчынам-медыкам, якія выконвалі і працягваюць выконваць свой абавязак.

«Жанчынай года Беларусі» ў намінацыі «Сэрца аддаю людзям» стала ўрач-тэрапеўт Дубровенскай ЦРБ, «Лекар года Рэспублікі Беларусь-2019» Ірына Тамашэвіч, не шкадуючы сябе яна займаецца лячэннем пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Ірына Валянцінаўна больш за 30 гадоў стаіць на варце здароўя жыхароў свайго роднага горада Дуброўна.


– Хачу бачыць іх здаровымі. Сваю працу заўсёды выконваю добрасумленна, таму што для доктара клопат пра здароўе людзей – велізарная адказнасць, – сказала Ірына Тамашэвіч.

Узнагароду ёй уручыў Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Ён адзначыў:

– Вы, жанчыны, выйшлі на перадавую ў барацьбе з пандэміяй. На жаль, вашы цудоўныя твары, мы апошнім часам не бачым за маскамі, але тое дабро, што ідзе ад душы, чытаем па вачах.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўручыў узнагароды пераможцам конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «Матчына слава», адзначыўшы, што цяжка пераацаніць ролю і месца жанчыны ў забеспячэнні дзяцінства ў нашай краіне, а шчырая любоў да дзяцей здольна тварыць самыя сапраўдныя цуды. У гэтай намінацыі «Жанчынай года» стала галоўны ўрач Віцебскага абласнога спецыялізаванага Дома дзіцяці Алена Мiзёркiна, дзе створаны ўсе ўмовы для медыка-сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей. Яна цудоўна выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі на працы. Так складваецца яе лёс, жыццё, што поспех у працы, у сям'і, грамадскім жыцці заўважны і паказальны.


Міністр інфармацыі Ігар Луцкі павіншаваў пераможцаў «Жанчыны года» ў намінацыі «Духоўнасць і культура», сярод іх – метадыст цэнтра традыцыйнай культуры Глыбокскай цэнтральнай клубнай сістэмы Наталля Нікіфаровіч, якая ўносіць вялікі асабісты ўклад у захаванне, развіццё і папулярызацыю народнай творчасці.

У намінацыі «Гаспадыня сяла» пераможцай стала старшыня Апсаўскага сельскага Савета дэпутатаў Браслаўскага раёна Ала Даніліна. Узнагароду ёй уручыў генеральны дырэктар агракамбіната «Ждановічы» Рыгор Чуйко. Гэты сельсавет не аднойчы станавіўся пераможцам у спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання і прызнаваўся «Лепшым сельскім саветам дэпутатаў». Ала Даніліна адзначыла, што адстойваюць прынцыпы дзяржаўнай палітыкі, праяўляючы свае асабістыя і прафесійныя якасці, падтрымлівае традыцыйныя каштоўнасці, якія спрадвеку кіравалі на беларускай зямлі – сям'я, праца, стварэнне і адзінства. Сумеснымі намаганнямі сельсавета, сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва вырашаць пытанні ўдаецца якасна і своечасова, што забяспечвае выкананне асноўных паказчыкаў і вызначае лідзіруючыя пазіцыі. Парадак і дагледжанасць вёсак, сумленныя і працавітыя людзі – так выглядае Апсаўская зямля.

Грыгорый Чуйко звярнуў увагу на важнасць дзейнасці ўсіх, хто працуе на сяле, у аграрным сектары эканомікі. Ён асабліва падзякаваў сельскім жанчынам за іх нялёгкую працу.

Па ініцыятыве прэзідыума Беларускага саюза жанчын сёлета ў конкурсе ўпершыню з'явілася спецыяльная намінацыя «Жанчына-легенда». Гэты тытул па праву прысуджаны настаяцельніцы Гродзенскага Свята-Ражджаства-Багародзічнага жаночага манастыра ігуменні Гаўрыіле, абіцель была адноўлена ёю з нуля і ўсё яе жыццё з'яўляецца прыкладам руплівасці. Матушка Гаўрыіла пажадала кожнаму пераўтварыцца ў сваёй душы, як гэта адбываецца з прыродай кожны раз вясной, і тады чалавек зможа ўбачыць нябеснае святло, будзе заўважаць усё добрае і цудоўнае, што ёсць у іншых людзях, у навакольным свеце, і сам несці святло.
Пасля завяршэння мерапрыемства дэлегацыя Віцебскай вобласці Беларускага саюза жанчын наведала мемарыяльны комплекс «Хатынь», усклаўшы кветкі ў памяць аб ахвярах фашызму.

Традыцыя ўшаноўваць жанчын на высокім дзяржаўным узроўні, адзначаць іх заслугі перад грамадствам і краінай – цудоўная магчымасць натхніцца новымі ідэямі і мэтанакіравана рухацца наперад, беларускія жанчыны – сапраўдныя патрыёткі сваёй краіны, яны працуюць на карысць дзяржавы, для міру і стабільнасці.