Зорка імя Караткевіча і памятныя канверты. На Віцебшчыне з размахам адзначылі юбілей пісьменніка
Адным са знакавых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, стала ўрачыстае гашэнне маркіраванага канверта памятным спецштэмпелем.
Яно адбылося 26 лістапада ў аршанскім музеі У. Караткевіча з удзелам ініцыятараў і арганізатараў праекта – прадстаўнікоў РУП «Белпошта», аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны.У аснове спецштэмпеля, выпушчанага ў абарачэнне Міністэрствам сувязі і інфармацыі Рэспублікі Беларусь усяго на адны суткі, – экcлібрыс Уладзіміра Караткевіча. На канверце, надрукаваным тыражом 50 тысяч экзэмпляраў, выяўлены партрэт вядомага беларускага пісьменніка, а таксама ілюстрацыя да рамана «Каласы пад сярпом тваім».
Намінал маркі «А» адпавядае тарыфу на перасылку простага ліста масай да 20 г уключна ў межах нашай краіны. Ганаровае права ажыццявіць спецгашэнне даверылі дырэктару Аршанскага раённага вузла паштовай сувязі Андрэю Багданаву, дырэктару Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Уладзіміру Кузубаву і дырэктару музея У. Караткевіча Ліне Гатоўскай.
Зорка ў сузор'і Льва
На карце зорнага неба засвяцілася новая зорка 6-й велічыні – імя Уладзіміра Караткевіча. Такі падарунак да юбілею класіка падрыхтавалі супрацоўнікі Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны сумесна з прадстаўніком Міжнароднага зорнага каталога ў Беларусі Ірынай Леўко.
Як расказала намеснік дырэктара Музейнага комплексу Юлія Камарова, якая зрабіла ўсю папярэднюю працу па прадстаўленні матэрыялаў і дакументаў на прысваенне, у добры час гэту зорку можна ўбачыць нават няўзброеным вокам – яна адна з самых вялікіх у Міжнародным
зорным каталогу. 26 лістапада сертыфікат, які пацвярджае, што на небе з'явілася свяціла ў гонар вядомага беларускага класіка, Ірына Леўко перадала аршанскаму музею У. Караткевіча.Прэзентацыя дакумента адбылася на ўрачыстым святочным канцэрце, а ў найбліжэйшай будучыні ён зойме годнае месца ў экспазіцыі музея.
Дарэчы, усяго ў Міжнародным зорным каталогу, над стварэннем якога працаваў калектыў вучоных пад кіраўніцтвам Германа Цітова, занесены каардынаты размяшчэння 6,5 млн зорак. Даць кожнай імя – працэдура не з танных. І толькі новая зорка ў сузор'і Льва стала бязвыплатным падарункам да юбілею Уладзіміра Сямёнавіча.
Вольга Лебедзева, «Віцебскія весці».