«Зорны» турнір
Сёння больш за 200 кідальнікаў молата розных краін пачнуць барацьбу на прызы Вадзіма Дзевятоўскага
На працягу двух дзён – 22 і 23 лістапада – спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы і Латвіі будуць мерацца сілай на стадыёне «Атлант» у Наваполацку. Традыцыйны Міжнародны турнір па кіданні молата на прызы Вадзіма Дзевятоўскага збярэ ўдзельнікаў самых розных узростаў і рэгалій. Выпрабаваць сябе змогуць і падрастаючае змена (самыя малодшыя ўдзельнікі 2003 года нараджэння), і дарослыя спартсмены. На «поле бою» выйдуць як прызёры і чэмпіёны чэмпіянатаў Еўропы і свету, так і навічкі, у якіх усе перамогі наперадзе.
Спаборніцтва па праве можна назваць «зорным», прычым не толькі з-за Вадзіма Дзевятоўскага, які з'яўляецца свяцілам айчыннай лёгкай атлетыкі з моманту заваёвы «срэбра» на Алімпіядзе ў Пекіне. Прыбудзе ў Нафтан і яшчэ адзін вядомы беларускі кідальнік молата, двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў Іван Ціхан, які прывязе сваіх выхаванцаў і выступіць ужо ў якасці трэнера.