Звонари, кавер-гурт і яркае файер-шоў: Друя Браслаўскага раёна адзначыць 635-годдзе

Значную для аграгарадка Друя Браслаўскага раёна дату, 635-годдзе з дня заснавання, будуць адзначаць тры дні. Пра гэта паведамілі ў Браслаўскім райвыканкаме.

На свята запрошаны ансамбль званароў, кавер-бэнд, фаершчыкі. Таксама ў старадаўнім касцёле пройдзе выстава абразоў з Мінска.

У пятніцу, 10 верасня, пачнуцца мерапрыемствы, прысвечаныя значнай даце і Году народнага адзінства. У 12.00 у яслях-садзе - сярэдняй школе падвядуць вынікі штогадовага раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні. Тут жа адбудзецца кніжна-фотаілюстрацыйная выстава "Спыніся, імгненне! Гэта Друя!", будзе працаваць тэматычная экспазіцыя гісторыка-краязнаўчага музея.

У 14.00 усіх жадаючых запрасяць на адкрыццё выставы абразоў "Помнікі хрысціянскага мастацтва" з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры і фотамастакоў Беларусі "Друя на краі зямлі" ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Гэту вялікую экспазіцыю прывязе выхадзец з аграгарадка, і яна будзе падзелена на дзве часткі - другую прэзентуюць у Браславе напярэдадні Дня народнага адзінства.

У 15.00 каля воінскага пахавання пройдзе літаратурна-музычная кампазіцыя "Мы ўспамінаем пра вайну". А завершацца пятнічныя ўрачыстасці святочным канцэртам на вул.Леніна. На ім выступіць ансамбль званароў "Братэрства Паўліна Міласцівага" з Мінска і творчыя калектывы Браслаўскага і Мядзельскага раёнаў (Мінская вобласць). Таксама ў гэты дзень пройдуць конкурс вулічных фотазон сельсаветаў раёна, квест-гульня "Жывая гісторыя", выстава аўтатэхнікі, работ народных майстроў, якія да таго ж правядуць майстар-класы па народных рамёствах.

У суботу, 11 верасня, жыхары і госці аграгарадка змогуць стаць спартыўнымі заўзятарамі і ў зале мясцовай школы пабываць на валейбольных матчах на прызы Друйскага сельвыканкама. Кавер-група Sounday Band з Полацка прадставіць увечары сваё выступленне, а затым начную Друю размалююць водбліскі агню на файер-шоу Mizz Teack_show.

У нядзелю, 12 верасня, пройдуць пераважна духоўныя мерапрыемствы. У 10.00 адбудзецца ўрачыстае набажэнства ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы, які з'яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, а ў 11.00 пройдзе канцэрт мінскага ансамбля званароў.

Друя мае багатую гісторыю. Цяперашні аграгарадок размешчаны на беразе Заходняй Дзвіны, на самой мяжы з Латвіяй, а на процілеглым беразе знаходзіцца латвійскі пасёлак з мілагучнай назвай Піедруя. Упершыню аб населеным пункце згадвалася ў "Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі", калі ён быў заняты князем Андрэем Альгердавічам прыкладна ў 1386 годзе. Хоць ёсць верагоднасць, што менавіта Друя згадваецца ў гістарычных дакументах у сувязі з фактам першага на Русі прымянення агнястрэльнай зброі.

БЕЛТА.