«Гукі беларускага жывапісу» загучалі на «Славянскім базары ў Віцебску»

«Звуки белорусской живописи» зазвучали на «Славянском базаре в Витебске»
Экспазіцыяй «Гукі беларускага жывапісу» адкрыўся вялікі выставачны праект у межах «Славянскага базару ў Віцебску».

 

Форум мастацтваў заўсёды шырока прадстаўляе візуальную творчасць розных краін. Сёлета запланаваны вернісажы мастакоў, дызайнераў, майстроў народных промыслаў, ювеліраў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі. Першай у гэтым шэрагу апынулася выстава, якая раскрывае асаблівасці краіны – гаспадыні фестывалю. «Гукі беларускага жывапісу» – гэта песня пра Беларусь, яе прыгажосці, гасціннасць, духоўнасць. «Жывапіс музычны. Гукі свету, як і ўся навакольная рэчаіснасць, убіраюцца мастаком, пераасэнсоўваюцца, і нараджаецца мелодыя, здольная прымусіць «гучаць» фарбы. Мелодыя гэтая напоўнена мімалетнымі ўражаннямі, але аснова – духоўны свет творцы» – гаворыцца ў тлумачэнні да выставы.

 

 

 

 

У экспазіцыю ўвайшлі больш за 30 работ з калекцыі галерэі-салона "АртХаос". Як патлумачыла яе дырэктар Лілія Лукашэнка, дадзеная выстава дае магчымасць шматлікім гасцям фестывалю пазнаёміцца з сучасным беларускім мастацтвам, больш поўна ўявіць культурны свет нашай краіны, яе спадчыну і традыцыі. Сярод аўтараў – мастакі з усіх рэгіёнаў рэспублікі, у тым ліку і два віцебскія жывапісцы – Алег Скавародка і Міхаіл Леўковіч.

 

 

 

 

 

 

 

Карціны ўпрыгожылі хол КЗ «Віцебск» – адной з асноўных фестывальных пляцовак.

– У канцэртнай зале «Віцебск» пройдзе больш за 10 мерапрыемстваў. Нам хочацца, каб прадстаўленыя тут жывапісныя палотны дапоўнілі ўражанні ад фестывалю мастацтваў і Беларусі, – сказаў дырэктар форуму Глеб Лапіцкі.

 

 

 

 

 

 

 

 

Выстава «Гукі беларускага жывапісу» будзе экспанавацца па 21 ліпеня.

"Віцебскія весці".